• 04.07.2025

Чэмпіянат Беларусі. 2-я ліга. Агляд 6 тура

Июн 7, 2011

Маладзечанская ганьба

Ад матчу “Забудова” – “Белтрансгаз” чакалі, што гэта будзе цэнтральны матч тура, “барацьба за ўплыў”. А выйшаў разгром. Абсалютна нечаканы і нейкі нелагічны. Абедзьве каманды маюць нябедных дабрадзеяў, таму грошы ў іх ёсць. Ставяць на мэце выхад у 1-ю лігу, таму настройваюцца на гульні па-асабліваму. Але матч зруйнаваў веру маладзечанцаў у свой клуб. “Забудова” была разбітая з лікам 0:9(!!!). У складзе слонімцаў пэнта-трык (!) аформіў Гомза. Карацей, дадаць сюды больш няма чаго.

“Вертыкаль” намаганнямі Дзяніса і Паўла Ціханоўскіх разграміла  “Жлобін”(3:0) і здабыла другую перамогу ў чэмпіянаце. Перамог і яшчэ адзін “насельнік” падвалу “Вігвам”. На выездзе з “Камунальнікам” “Вігвам” забіў хутка, дзякуючы Захарэню, а потым утрымаў пераможны лік. А вось у “Асіповічаў” справы не йдуць. На гэты раз “бела-зялёныя”прапусцілі тры галы без адказу ад “Дынама-2”. Вызначаліся Бандарэнка, Еўлаш і Камароў.

Мікіта Андрыеўскі стаў галоўным героем матчу “Гомельчыгункатранс” – “Нёман”. Андрыеўскі тройчы забіваў гасцям і дапамог выйграць 3:1.

“Партызан-2” вёў у гасцях з “Бярозай-2010” з розніцай у два мячы, але затым дубль Шуляка звёў матч да нічыі. “Орша” ледзь не перамагла “Лівадыю”. На 20-й хвіліне Кітаёў адкрыў лік, але пад канец матчу “Лівадыя” завалодала ініцыятывай і прабіла сапернікаў – Скварчэўскі даказаў, што ягоны клуб знаходзіцца ў добрай форме, а таму зараз дзяржынская каманда адна з першых у табліцы. Нічыя 1:1.

“Ліда” захавала першы радок. На 28-й хвіліне Дзмітрый Дзенісюк з пенальці адкрыў лік, у “Зоркі” на 72-й вызначыўся забітым мячом Трапашко, але гол Каратая на 81-й дазволіў “Лідзе” перамагчы 2:1.

Такім чынам, у “Ліды” першы радок і 16 балаў, “Лівадыя” мае 12, на трэцюю пазіцыю падняўся “Гомельчыгункатранс” з 11-цю, па 10 у “Партызана-2” і “Белтрансгаза”. У падвале – “Асіповічы” (3) і “Жлобін”  (1).