23 красавіка стартуе чэмпіянат Беларусі ў 1-й лізе. У міжсезонні знік з футбольнай мапы нашай краіны самабытны і даволі моцны клуб – “Верас” з Несвіжу. Гуляла сабе добрая каманда, мела нейкія перспектывы – і канец. Тут няма чаго дадаць. Толькі спачуванні жыхарам аднаго з самых слаўных гарадоў нашай Айчыны.
Ужо адразу на пачатак новага чэмпіянату запланаваны паядынак няўдачніка мінулагодняй Вышэйшай лігі мінскага “Партызана” з гомельскім “ДБК”, які ледзь у тую самую лігу не выйшаў. Галоўны трэнер гамяльчан Сяргей Лукашэвіч адзначыў, што ягонай камандзе значна “парэзалі” бюджэт, а таму змагацца за тыя ж пазіцыі, што і летась можа не атрымацца. У стаўцы сталічнай каманды наадварот цешацца надзеяй у адзін сезон вярнуцца ў эліту. Міжсезонне было для “чырвона-белых” даволі насычаным, так што “фізуху” пад чэмпіянат яны заклалі.
Трыумфатар леташняй 2-й лігі “Гарадзея” на сваім полі прыме “Смаргонь”. Апошнія мелі сур’ёзныя прагалы ў гульні, але цяпер пастараюцца быць як мага вышэй. Зрэшты, перад Генадзем Мардасам задачы выйсці ў вышэйшы дывізіён ніхто і не ставіў. Пра “цукровых” сказаць нешта дакладнае можна будзе толькі па заканчэнні вясны – дэбютантам 1-й лігі заўсёды складана. Зноў гарадзейцы зрабілі стаўку на ветэранаў – трывае курс на набыццё футбалістаў, якія добра паездзілі па Беларусі (а часам і пабывалі ў іншаземных “камандзіроўках”). Гэта дапамагло ў 2-й лізе, але ў 1-й на адных ветэранах выбрацца наверх не атрымаецца, трэба шукаць нейкае падмацаванне. А імёны ўражваюць – у Гарадзеі цяпер за куміраў ходзяць Чумачэнка, Літвінчук, Валадзянкоў і Каролік. А яшчэ каманда купіла Якубоўскага ў “Слуцка”. Моцны будзе дэбютант.
Гродзенскі “Белкард” правёў толькі адзін перадсезонны збор. Аднак у іх бліжэйшых сапернікаў “Баранавічаў” увогуле ўвесь перапынак паміж чэмпіянатамі быў кашмарам. Толькі за лічаныя дні да стартавага матчу клуб атрымаў ліцэнзію. Але будзе надта складана – разышлася палова клуба і Андрэй Кіпра мае выразнае поле для эксперыментаў, толькі праводзіць ён будзе не ратацыю, у чымсьці нават карысную для любой каманды, а ў лепшым выпадку перастаноўку футбалістаў па пазіцыях. Гэты сезон можа стаць самым складаным у гісторыі “Баранавічаў”.
Рэчыцкі “Ведрыч-97” прыме на сваім стадыёне “Рудзенск”. Рэчычане вельмі добра ўзмацніліся ў міжсезонні, цяпер за іх будуць гуляць такія слынныя гульцы як Бабакоў, Ламака, Рушніцкі, Бяганскі, Астравух. Ёсць з кім выходзіць наверх. А каманда Паўла Раднёнка жадае пазмагацца за месца ў тройцы. “Рудзенск” выйграў у “Ведрыча-97” абодва матчы ў мінулым сезоне, і цяпер таксама плануе распачаць сезон з трох ачкоў.
“Слуцк”, які папоўніў 1-ю лігу і адкінуў слова “цукар” у назве, разумее, што сёлета будзе цяжэй. Да таго ж каманду пакінуў яе лідэр – Канстанцін Якубоўскі, ён цяпер абараняе колеры “Гарадзеі”. Але “Слуцк” правёў два зборы, у Пінску і Польшчы. Ды і ў саставе вялікіх пературбацый не адбылося. Так што каманда Юрыя Крата здольная ўвайсці ў пяцёрку лепшых. Толькі пачаць сезон з-за вечных праблем з полем у сваім горадзе “Слуцку” давядзецца ў Салігорску на стадыёне “Шахцёр”. Іх сапернікі па першым туры мазырская “Славія” ні на што прэтэндаваць не будзе, затое хоча проста паказваць прыгожы футбол – для больш высокіх мэтаў не хапае бюджэту і доўгай лаўкі запасных.
Мікашэвіцкі “Граніт” згуляе з “Полацкам”. Першыя правялі міжсезонне дзесьці з адзанкай “50 на 50”. Трэнер “Полацка” Аляксандр Пілюгін прыкладна так жа ацэньвае перапынак паміж чэмпіянатамі і для сваёй каманды. З аднаго боку сышлі Ткачук, Навумаў і некалькі іншых футбалістаў. З другога – адны з навабранцаў палачанаў Сыраквашка і Філіпаў – не апошнія людзі ў футболе.
Яшчэ адна з афіш першага туру – “Хімік” (Светлагорск) – СКВІЧ (Мінск). Каманда з Сонечнага гораду не мае некіх асаблівых задач, калектыў, які заўсёды ў гісторыі незалежнай Беларусі гуляў у 1-й лізе павінен застацца ў ёй і на наступны сезон. Магчыма, светлагорцы будуць недзе ў першай палове табліцы. СКВІЧ узімку ўзначаліў экс-трэнер мінскага “Дынама” Уладзімір Гольмак. Ён замяніў на сваёй новай пасадзе Сяргея Бароўскага, які ледзь не вывеў клуб у Вышэйшую лігу. СКВІЧ прайграў пераходныя матчы жодзінскаму “Тарпеда”, але будзе зноў штурмаваць фартэцу з назвай “Эліта”. Безумоўна, СКВІЧ разам з “Партызанам” – галоўныя прэтэндэнты на павышэнне. Канкрэтна пра першы матч: статыстыка гаворыць не на карысць “Хіміка” – пакуль яны ніколі не перамагалі сталічную каманду ў сябе дома.
Пінская “Хваля” прыме “Клечаск” з Клецку. Складана сказаць, за якія пазіцыі будуць біцца пінчукі, аднак можна вылучыць гіпотэзу, што ўсё-ткі за самыя высокія. Толькі як пойдзе гульня – ніхто не ведае. Але стартаваць добра і забяспечыць сабе неабходны запас ачкоў пінскія футбалісты могуць. Каманда Віктара Валяндовіча ў сваю чаргу здолела захаваць лепшага снайпера 2-й лігі Віскушэнку, на якога прэтэндавалі нават некаторыя клубы з “вышкі”. Перад “Клечаскам” пастаўлена задача замацавацца ў 1-й лізе.
Выглядае на тое, што барацьба ў гэтым чэмпіянаце будзе больш напружанай, чым у мінулым. Тады саперніцтва за першы радок не было аж ад самай вясны, дужа ўпэўненым і моцным быў “Гомель”. Цяпер такога абсалютнага фаварыта няма. Можна толькі выказаць здагадку, што найбольш шанцаў на павышэнне паводле стартавай дыспазіцыі ў СКВІЧ і“Партызана”. Прынамсі, толькі гэтыя клубы выразна акрэслілі ўласныя задачы. З вялікай верагоднасцю падключацца да змагання “Граніт”, “Славія” і “Ведрыч-97”. Не трэба забывацца і пра “домабудаўнікоў” з Гомеля. “ДБК” хутчэй за ўсё не адчэпіцца добраахвотна. Можна чакаць прыемных сюрпрызаў і ад “Хвалі” з “Гарадзеяй”. Пытанне “хто будзе аўтсайдэрам?” таксама нялёгкае. Але пакуль імі выглядаюць “Баранавічы” – каманда, у якой мала футбалістаў і шмат каляфутбольных пытанняў. Добра, што ўсё ж атрымалася захаваць гэты ўнікальны калектыў – гісторыя баранавіцкага футбола вельмі даўняя!