• 01.07.2025

Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 28-га туру

Апр 6, 2011

Пачнем з таго, што ў гэтым туры дортмундская “Барусія” амаль забяспечыла сабе прыемнае тэлефанаванне ў адну з фірм па дастаўцы шапманскага. Пачаўся тур для лідэра зусім не з радасных падзей. Паліцыя знайшла непадалёк ад “Вэстфаленштадыёна” выбуховае прыстасаванне і зброю, якую меў намер выкарыстаць падчас матчу з “Гановэрам-96” 25-гадовы малады чалавек. Яго ўдала абяззброілі. “Барусія” згубіла перад паўзай на гульні зборных шмат ачкоў, а таму цяпер абавязаная была перамагаць. Не такая і лёгкая справа, улічваючы, што ў саперніках у цябе “Гановэр”! У першай палове “жоўта-чорныя” не аднойчы павінны былі забіваць, але справа не пайшла ў галоўнага “забойшчыка” дортмундцаў Барыаса. А “Гановэр” на пачатку другога тайму скарыстаўся недакладнасцямі – Абдэлауэ пераскочыў у паветры Вайдэнфелера – 0:1! Але затым Гетцэ даказаў усю сваю неабходнасць мясцовай камандзе. Дортмунд скакаў ад шоку, які прынес фенаменальны праход юнага паўабаронцы – 1:1! Затым гульня пайшла літаральна ў адны вароты – Барыас нарэшце забіў мяч, пасля паса Бэндэра, а хутка аформіў дубль з перадачы Гетцэ. Апошні гол у матчы забіў Гроскройц – 4:1! “Барусія” робіць сур’ёзны крок да чэмпіёнства.

Цяпер звернемся да іншых разборак перад тым, як казаць пра “Баер”. Багата навін як заўсёды звязаныя з “Баварыяй”. Напярэдадні туру офіс мюнхенцаў быў закіданы бляшанкамі з сіняй фарбай. Ёсць нават версія, што натварылі справаў не раззлаваныя вынікамі каманды фанаты “Баварыі”, а іхнія вечныя ворагі – ультрас “Мюнхен-1860”. Як лічаць у “Баварыі”, менавіта іхні клуб дапамог не збанкруціцца “1860-м”, але фанаты тых не жадаюць, каб родны клуб прымаў няхай і ў самую цяжкую хвіліну, дапамогу ад ворагаў. Зрэшты, гэта толькі версія. Другая навіна датычыць таго, што “Баварыю” па заканчэнні сезона ўзначаліць Юп Хайнкес. Трэцяя навіна – канец кар’еры Ханса-Ёрга Бута. Знакаміты брамнік прыняў рашэнне пакінуць вялікі спорт пасля заканчэння чэмпіянату. Яго яшчэ спрабуюць угаварыць, але ніхто дакладна не ведае, ці атрымаецца. І апошняя навіна з “Баварыі” – 60 “трансферных” мільёнаў. Менавіта такую суму ў “еўра” атрымае Хайнкес на здзяйсненне трансфераў улетку. Фігуруюць імёны Каэнтрау, ван дэр Віля, Бербатава і іншых. А цяпер пра сам матч. Гульня з галоўным аўтсайдэрам не стала лёгкай для мюнхенцаў. У першым тайме Гомэс не забіў у напаўпустыя вароты метраў з 5-ці! Тактыку баварцы падрыхтавалі традыцыйна праз флангі, Рабэн і Рыберы абцяжарвалі чужую абарону навесамі і прастрэламі. Адзін з такіх у выкананні француза прывёў да небяспечнага эпізоду – Мюлер не здолеў перагуляць брамніка. У другім тайме прыгожа нібы кікбаксёрскім ударам мог забіваць Ідрысу – Крафт адвёў пагрозу. І даволі хутка пасля гэтага забіў Рабэн – 1:0. Агоралі, а не перамаглі.

“Кёльн” напружваў абарончыя рэдуты “Нюрнбэрга” увесь матч, дазваляючы гасцям гуляць толькі на контратаках і свайго дамогся. Прычым зрабіў гэта “на флажку” – Навакавіч забіваў ужо на 2-й кампенсаванай да матчу хвіліне. Фелікс Магат заявіў, што жадае выйграць Лігу чэмпіёнаў, а дзеля таго пашукае шчасця ў замежным клубе. Пакуль ён трэнер “Вольфсбурга”, а гэта значыць якраз ён вывеў каманду на матч з “Айнтрахтам”. У сапернікаў трэнер змяніўся і адбылося тое пасля таго, як клуб скончыў сваю незабіўную і бязвыйгрышную серыю. Тым не менш, Міхаэля Скібэ замяніў Крыстаф Даўм. Франкфуртцы вялі ў ліку ў выніку ўдара Маера, але не ўтрымалі перавагі. “Ваўкі”, што гулялі ўжо ўдзесяцёх без выдаленага Арнэ Фрыдрыха, здолелі забіць – лік зраўняў Манджукіч – 1:1. Яшчэ ў адным матчы “Хафенхайм” і “Гамбург” разышліся мірам – 0:0.

Паядынак, які адкрываў тур не змог скончыцца. Ён быў спынены на 89-й хвіліне пасля таго, як адзін з заўзятараў “Санкт-Паўлі” кінуў у баковага рэферы пластыкавым стаканчыкам з півам. Да таго моманту гамбуржскай камандзе нічога “не свяціла”, яна безнадзейна саступала “Шальке” пасля ўдараў Рауля і Дракслера. У “Санкт-Паўлі” можна адзначыць скасаваны гол Крузэ. “Санкт-Паўлі” быў яшчэ і ўдзевяцёх – флангавыя гульцы абароны Кала і Бартэльс былі выдаленыя з поля. Вось такі скандал.

“Вэрдэр” са “Штутгартам” цяпер не аднясеш да авангарду нямецкага футбола, аднак клубы падаравалі гледачам неблягое дзейства. На гол Хайнала (зноў забівае гэты дортмундскі віж за швабаў!) брэменцы адказалі мячом Фрынгса. “Фрайбург” намаганнямі свайго бамбардзіра Сісэ адкрыў лік у гасцявым матчы супраць “Майнца” ажно на 1-й хвіліне! Але затым ініцыятыва не аднойчы пераходзіла да “карнавальшчыкаў” і тыя забілі гол у адказ – вызначыўся Алагуі. Наш паўабаронца Антон Пуціла памяняў на 46-й хвіліне Разэнталя і паспеў атрымаць папярэджанне.

А дзе ж “Баер”? А вось ён! Леверкузенцы правялі складаныя 90 хвілін у Кайзерслаўтэрне. Мелі перавагу, але толькі па гульні. Забіць маглі і “чэрці”, але ім не пашанцавала. Справядлівасць усё ж прыйшла, Сэм забіў на 74-й хвіліне – праграма-мінімум “аптэкарамі” была выкананая. Тры ачкі і працян пагоні, няхай і ўсё больш безнадзейнай з кожным турам.

За шэсць тураў да фінішу “Барусія” выйграе ў “Баера” 7 балаў. Леверкузенцы перамогай у Кайзерслаўтэрне фактычна заваявалі “срэбра”. Наўрад ці “Баварыя” адыграе 7 ачкоў адставання. Хаця будзе старацца – гэта неабходна хаця б для барацьбы за “бронзу” з “Гановэрам”. А вось “Майнц” гэтую барацьбу не пацягне.