Тур стаў адметным з-за паразы лідара. Дортмундская “Барусія” не паказала добрага футбола на выездзе з “Хафенхаймам”. Так, яна атакавала і атакавала часам небяпечна – некалькі добрых магчымасцяў страціў Левандоўскі. Але ў цэлым поўнай перавагі лідараў не было. А “Хафенхайм” задаволіўся роляй “2-га нумару” і рабіў імгненныя скачкі на абарону саперніка. Вайдэнфелер з вялікай цяжкасцю выцягнуў мяч са сваёй “дзявяткі” пасля ўдару Ібішавіча. А басніец на гэтым не спыніўся і працягваў дакучаць. Пад канец тайму Юргену Клопу давялося вымушана зрабіць замену, замест Бэндэра, які атрымаў пашкоджанне, выйшаў Да Сілва. З пачатку другой паловы “Хафенхайм” замкнуўся яшчэ пушчэй , хаця мячом і валодалі пераважна вестфальцы. Аднак атакі “Хафенхайма” не сталі ад гэтага менш небяспечнымі. Урэшце, Бэк аддаў перадачу справа на Ібішавіча, а той моцным ударам пакараў “Барусію”! Пасля свайго голу цэнтрфорвард яшчэ некалькі разоў мог забіваць Вайдэнфелеру. Адзін з ягоных удараў прыйшоўся ў папярэчыну. Добрую магчымаць падвоіць лік меў і Сігурдсан, але ісландзец, які замяніў якраз Ібішавіча прамахнуўся. “Барусіі” нічога путнага каля варотаў Штарке не ўдалося зрабіць і мы канстатуем трэцюю паразу дортмундцаў у чэмпіянаце, што, зрэшты, не перашкаджае чакаць датэрміновага афармлення тытулу.
“Баер-04” гуляў пазней, а таму ведаў лік гульні саперніка. У Леверкузене, вядома ж, могуць радавацца пройгрышу “Барусіі”, аднак папраўдзе гаварыць пра нейкі “вялікі шанец” не трэба. Занадта буйное адставанне. А пакуль “Баер” меў перамагчы “Майнц”. У святле аднаўлення “карнавальшчыкаў” такая задача не бачылася простаю. У апошніх зноўку заўважны быў Шурле, каторы ў наступным сезоне апране майку якраз “Баера”. “Аптэкары” былі даволі свежыя, бо галоўны трэнер клуба вырашыў зрабіць некалькі замен у параўнанні з матчам Лігі Еўропы. Гэты матч “Баер”, дарэчы, прайграў іспанскаму “Вільярэалу”. У другім тайме моманты былі ў абедзьвюх дружын, напрыклад, Кіслінг павінен быў выводзіць “чырвона-чорных” наперад, але не рэалізаваў выхад сам-насам з Веткла. Гол у матчы ўсё-ж-ткі быў забіты і забілі яго леверкузенцы. Рэната Аугуста абакраў Свэнсана і прабіў пад папярэчыну! 0:1 на 82-й хвіліне! Гульня так і скончылася, цяпер леверкузенцы адстаюць ад “Барусіі” “усяго” на 9 ачкоў.
“Шальке-04” з’яўляецца пастаўшчыком навін. На гэтым тыдні асноўных было дзве. І як у анекдоце: адна добрая, а адна не вельмі. Пачнем з той, якая “не вельмі”. Паводле клубнага ўставу дзеля пазачарговага пасяджэння клуба трэба сабраць подпісы ў 10% чальцоў клуба. Фанаты “кобальтавых” не задаволены палітыкай прэзідэнта Клеменса Тоніса і жадаюць такім вось чынам паставіць пытанне пра ягоную адстаўку. Напярэдані матчу з “Айнтрахтам” прыхільнікі клуба ўжо сабралі 1100 подпісаў з патрэбных 9300. Хадзілі яны па сектарох і падчас самой гульні. Пакуль невядома ці ўдалося сабраць патрэбную колькасць. Прыемная для “Шальке” навіна заключваецца ў тым, што клуб у Лізе Чэмпіёнаў у адрозненне ад нацыянальнага першынства гуляе па-ранейшаму паспяхова. Пасля выязной нічыі з “Валенсіяй” немцы абрынулі шквал атак на вароты іспанцаў у гульні ў адказ. І дамагліся свайго – 3:1 і выхад у чвэрцьфінал! Нарэшце, удалося перамагчы і ў чэпіянаце. Папраўдзе кажучы, выйграць у “Айнтрахта” цяпер не можа хіба што гультай. Франкфуртская каманда хоць забіць змагла ўпершыню за апошнія два месяцы! Але ўсё адно саступіла. Першы гол “Шальке” арганізавалі іспанскія легіянеры. Рауль быў знесены ў пенальтэрыі, а Хурада забіў з пенальці. Цавэлас у другой палове зраўняў лік, а потым забіў яшчэ адзін грэк. Але не з айнтрахтскага “пітомніка”, а з Гельзенкірхена. Ангелас Харыстэас, які яшчэ нядаўна выступаў за гаротны “Арль-Авіньён” у французскім вышэйшым дывізіёне (зразумела, што да чэрвеня гэты клуб адправіцца ў Лігу 2) правёў на 84-й хвіліне пераможны гол.
“Вольфсбург” саступіў “Нюрнбэргу”. Лік адкрыў Манджукіч пасля трапнага ўдару галавой, але нюрнбэржцы адказалі дуплетам. Вольшайд на 45-й і Нільсан на 90+1-й! Прычым апошні забіў пасля некалькіх секунд, праведзеных на поле!
Наш Антон Пуціла не выйшаў на матч супраць “Кайзерслаутэрна”. А яго клуб саступіў. Галоўнай асобай матчу можна прызнаць абаронца Немеца, які забіў па голу ў свае і ў чужыя вароты. А вырашыў лёс матчу Хофэр, які забіў за “чарцей” на апошняй хвіліне. Вось такі няўдалы выезд “Фрайбурга”.
“Вэрдэр” на апошніх секундах упусціў 3 ачкі ў сустрэчы з “Барусіяй” (Мёнхенгладбах). Вагнэр на 39-й хвіліне адкрыў лік, амаль тут жа Цім Бароўскі мусіў забіваць другі мяч, але прамахнуўся. На 62-й хвіліне Нойштэдтэр мог забіць гол у адказ і гэта была ледзьве не адзіная пагроза з боку “Барусіі”. Але пад канец госці сталі актыўнічаць больш і свой гол заслужылі. На 90+2-й хвіліне Аранга ўдарыў, мяч быў адбіты і на дабіванні ўдала згуляў Дантэ – 1:1! Вось так, на гол Вагнэра адказвае Дантэ, карнавал знакамітых прозвішчаў!
“Гановэр” у гэтым туры наўпрост праваліўся. Такога “зліва” “Кёльну” ніхто не мог і чакаць! На 36-й хвіліне Пеці вывеў “казлоў” наперад, а астатнія галы “Кёльн” збярог на другі тайм. Гол Падольскі і яшчэ два ад Навакавіча – 4:0, без шанцаў для аднаго з лідараў!
Вялікую нечаканасць нёс матч, які быў цэнтральным па імёнах. “Баварыя” – “Гамбург”. Спачатку ўсё было даволі па-дэрбійнаму, каманды штурмавалі вароты саперніка, прычым большай упартасцю вызначаліся якраз гамбуржцы. Але затым каманду паралізавала. Спярша баварцы абстралялі ўвесь каркас варотаў Роста. Гомэс пасля таго, як абгуляў нават брамніка прабіў у штангу, а Мюлер з дабівання ў папярэчыну. Праз некалькі хвілін ван Бюйтэн біў з сур’ёзнай прэтэнзіяй забіць, але ў самы апошні момант Рост адбіў мяч, і тут зноў дапамагла ўласная штанга. Як вынікала – то былі папярэджанні ад мюнхенцаў. А потым насталі праблемы: Рыберы зрабіў выгадную перадачу на Рабэна, а той стрэліў па варотах – 1:0. Затым Рабэн забіў са штрафнога, а яшчэ пазней скарыстаўся чарговай дакладнай перадачай Рыберы. Хет-трык! Безумоўна, не меншым героем гульні быў сам Рыберы. Француз удзельнічаў амаль ва ўсім, што тварылася каля варот Роста. Натуральна, зрабіў некалькі галявых перадач і забіў аднойчы сам. Яшчэ раз адзначыўся Мюлер. Ну а пад канец гульні Рыберы абвёў адразу трох(!) футбалістаў “Гамбурга”, прастрэліў у штрафную і Хайка Вэстэрман забіў аўтагол – 6:0! Такі разгром госці запомняць назаўсёды! Перамога мюнхенцаў азначае толькі адно: на матч з “Інтэрам” яны выйдуць ва ўсім узбраенні. А вось фанатам “Баварыі” не да душы прыйшлася заява ван Гала пра сыход з каманды – на матчы яны ўзгадалі старую тактыку хуліганаў усяго свету – паспрабавалі прарвацца на сектар фанатаў “Гамбурга”.
Палегчыць самаадчуванне “Гамбурга” можа хіба што параза ворагаў з “Санкт-Паулі”. Тыя даволі хутка адкрылі лік у супрацьстаянні са “Штутгартам”, зрабіў гэта Боль на 19-й хвіліне, але тут жа Здраўка Кузманавіч аднавіў раўнавагу, а пад канец гульні Шыплок прынес швабам перамогу 1:2.