Адкрываў тур матч паміж нябеднымі клубамі, якія, на жаль, не паказваюць добрых вынікаў. “Вольфсбург” прымаў гладбахскую “Барусію”. На 29-й хвіліне Дыега не здолеў прабіць Байлі з пенальці, але ж лік усё роўна аказаўся на карысць “ваўкоў”, бо неўзабаве бразілец дасягнуў мэты. На апошніх секундах тайму Дыега вызначыўся яшчэ і са штрафнога. У другім тайме поспех “Барусіі” прынес пенальці ў выкананні Даэмса, але на гэтым усё і скончылася. 2:1 — перамагае “Вольфсбург”. Пасля сустрэчы П’ер Літбарскі не пашкадаваў слоў для Дыега, цяпер можна не сумнявацца, што на бразільца разлічваюць як на лідэра, і ніякага канфлікту не разгарэлася. Проста ў паўабаронцы стала на 100 тысяч еўра менш пасля таго, як у адным з апошніх тураў ён прабў 11-метровы замест партнёра. Пакаранне ад каманды паўздейнічала. Тым часам, са штабу “Барусіі” стала вядома, што галоўная надзея атакі клуба Махамаду Ідрысу прапусціць бліжэйшы матч з “Хафенхаймам” з-за боляў у горле. Не выключаны варыянт аперацыі.
Матч “Кайзерслаутэрна” і “Гамбурга” скончыўся нічыёй 1:1. Больш за ўсіх дакараў на гэта нападнік апошніх Младэн Петрыч. Харват адзначыў, што менавіта ён вінаваты ў такім зыходзе, бо ён не рэалізаваў выгадны момант. “Кёльн” перагуляў “Фрайбургу”. Яшчэ ў першым тайме неаднойчы мог вызначыцца Падольскі, але форвард дамогся свайго толькі на 88-й хвіліне, калі дакладна стрэліў у вугал чужынскіх варот. 1:0. Наш Антон Пуціла правёў у паядынку 84 хвіліны і быў заменены на Каліжуры.
“Гановэр” прывез з выезднога матчу супраць “Санкт-Паулі” тры ачкі. У матчы, дзе ўсё магло скончыцца перамогай любой з каманд (а хутчэй, магло скончыцца нічыёй) перамаглі ўсё ж гановэрцы. За хвіліну да сканчэння асноўнага часу Шульц прабіў брамніка “піратаў”.
“Майнц” нарэшце атрымаў перамогу. Прычым у гасцях над “Хафенхаймам”! Андрэас Іваншытц на 23-й хвіліне даставіў багата праблем брамніку сапернікаў – Штарке да мяча не дацягнуўся. Але гэты гол не стаўся адзіным у сустрэчы. І да гэтага прывялі памылкі ў абароне абодвух клубаў у апошнія 7 хвілін. Спачатку Мюлер адбіў мяч недалёка ад сябе, чым скарыстаўся Алаба, які па-майстэрску згуляў на апярэджанне. Але “Майнц” адказаў голам Сота. Той прычакаў на “кікс” Бэка – 1:2 “Майнц” перамагае.
Гельзенкірхенскія ультрас разгарнулі на сваім стадыёне расцяжку з надпісам “Фелікс, ты нам больш не падабаешся”, адрасаваную галоўнаму трэнеру свайго клуба Магату. А “Шальке” зноў не перамог. На гэты раз “кобальтавыя” страцілі два ачкі ў супрацьстаянні з “Нюрнбэргам”. На гол Хегелера адказаў 11-м голам у чэмпіянаце Рауль, а вось перамагчы не атрымалася. Відаць, цяпер лёс Магата вырашыць гульня ў адказ супраць “Валенсіі” ў Лізе чэмпіёнаў. 10 радок абсалютна не адпавядае пажаданням кіраўніцтва “Шальке”.
Пасля сенсацыйнай перамогі над дортмундскай “Барусіяй” “Айнтрахт” не выйграў ужо ў 6-м матчы запар. Прычым ва ўсіх гульнях франкфуртцы яшчэ і не забівалі! “Штутгарт”, які на днях выляцеў з Лігі Еўропы, саступіўшы “Бенфіцы”, можа сканцэнтравацца на чэмпіянаце, дзе яму трэба змагацца за месца пад сонцам. І швабы аказаліся чарговай камандай, якая пратэставала атаку франкфуртцаў ды й даказала ёй яе слабасць. Адзіны Гекас, якога падтрымлівае наводдаль Маер – такая схема перастала працаваць 6 тураў таму. На замены выходзілі яшчэ Аманацыдзіс з Фенінам, але і яны нічога не зрабілі. Ад Хаміта Алтынтопа было мала карысці. Да таго ж, “Айнтрахт” не забіў 10 футбалістам! Ужо на 15-й хвіліне чырвоную картку атрымаў Булахруз. Але галоўны арбітр сустрэчы Вольфганг Штарк своечасова выправіўся і паказаў чырвоную таму, хто яе заслужыў – Дэль П’еру. Франкфуртцы прыняліся атакаваць – безвынікова. Пасля перапынку нешта рэзка змянілася – Харнік і Хайнал хуценька аформілі перамогу сваёй каманды 0:2, быццам і не гуляў “Штутгарт” у меншасці. “Айнтрахт” павольна спаўзае ў ніз. Цяпер ён 13-ы.
Леверкузенскі “Баер” днямі спакойна і пераможна скончыў двухматчавую дуэль з харкаўскім “Металістам”. Прычым адзначыўся мячом і Балак. У матчы з “Вэрдэрам” легенда выйшла на поле толькі на 69-й хвіліне заміж Сіндзі Сэма, які ўражвае сваім прагрэсам. У гэтым матчы ён быў ужо не настолькі актыўным, затое актыўнічалі ягоныя партнёры. Слова ўзяў Дзердзіёк і пасля вуглавога адкрыў лік. Затым турак са швейцарскім пашпартам адпасаваў на Рольфеса – 0:2! “Вэрдэр” зразумеў, што так можна і зусім выкаціцца з чысла паважаных каманд, таму прыняўся за атакі ізноў. Кіслінг, які не забіў Візэ, забіў Адлеру. Аўтагол падарыў “музыкам” шанц на выратаванне. Затым Відаль занерваваўся і быў выдалены з поля, чым “Вэрдэр” аператыўна скарыстаўся – Продль забіў галавой пасля перадачы верхам – 2:2! Неверагодна! “Аптэкары” страцілі шанц сур’ёзна змагацца за чэмпіёнства. А тым часам, знакаміты “Більд” напісаў пра тое, што Торстэн Фрынгс хутчэй за ўсё пакіне клуб з Брэмэна. Ягонаму прыкладу могуць паследваць Мэртэзакер і Візэ, без якіх немагчыма ўявіць сабе абарону каманды. Усе тры футбалісты належаць да абарончай лініі “Вэрдэра” ўсіх апошніх гадоў, таму, калі такія пераходы адбудуцца, гэта будзе, мажліва, непапраўнай стратай.
Ну, і на дэсерт даведаемся, як справы у чэмпіёна. Амаль так цяпер можна называць дортмундскую “Барусію”. Вестфальцы ўпэўнена вырашылі ледзь не апошнюю праблему ў сезоне. Спачатку думалася аб тым, што гуляць без Вайдэнфелера і Кагавы будзе няпроста. Так яно і было, аднак як можна гуляць па-лёгкаму з самой “Баварыяй”?! Матч атрымаўся напружаным, а “Барусія” даказала сваю сілу і прэтэнзіі на “срэбраную салатніцу”. Ужо цяпер яна блізкая да рук. Спачатку схібілі Бадштубэр са Швайнштайгерам. Першы аддаў не самую зручную перадачу, а другі ўвогуле не апрацаваў мяч. Гроскройц падхапіў скуранога , прабег з ім метраў двадцаць і аддаў ўразрэз паміж Цімашчуком і тым жа Бадштубэрам, які прыбег назад. Аддаў ён на Лукаса Барыаса, а той прабіў міма Крафта – лідар чэмпіянату наперадзе. Але ван Гал недарэмна папярэджваў, што “Барусія” вымушана будзе шукаць выйсце пасля ўдалых дзеянняў “Баварыі”. Падача вуглавога злева ад Рыберы прывяла да ўдару на апярэджанне ад Луіса Густава. Экс-гулец “Хафенхайма” паспеў да мяча раней за Пішчака і даслаў яго ў сетку – 1:1. Зрэшты, абяцаныя праблемы не зашкодзілі “Барусіі” праз тры хвіліны выйсці наперад у чарговы раз: прыгожую камбінацыю вянчаў каралеўскім ударам Шахын. З ударам турка прыйшло разуменне таго, што “Барусія” без шкадавання карыстаецца чужымі памылкамі. Левая у “8-кі” дортмундцаў сапраўды чароўная! Цяпер Нуры трэці бамбардзір свайго клуба. У Барыаса 11 мячоў, 8 — у Кагавы. І апошні гол у матчы не абышоўся без удзелу гэтага хава. Вуглавы з правага боку быў пададзены бліскуча – 23-гадовы Хумэльс сваёў галавой перадаў гарачае вітанне клубу, які яго забракаваў, 1:3 — і канчатковы лік сустрэчы. Дружына Юргена Клопа выйграе дэрбі, і перамога робіць ягоную каманду амаль недасягальнай для сапернікаў.