.
Сезон у першай айчыннай лізе сканчваецца, таму варта прыкідваць шанцы каманд на дасягненне ці правал.
.
Як і заўсёды, пад канец чэмпіянату каманды можна падзяліць на тры катэгорыі. “Арлы”– гэта, безумоўна, клубы, якія змагаюцца за найвышэйшыя месцы. У нашым выпадку – за выхад у вышэйшы дывізіён. “Балаціна” – клубы, якім нічога не трэба, якія вырашылі свае задачы альбо расчараваліся ва ўласных сілах. І трэцяя – “двоечнікі”, тыя, каму галоўнае – застацца ў лізе, то бок не выляцець. Часам ёсць асобныя групы ў залежнасці ад сітуацыі, якая склалася ў табліцы.
.
Менавіта сёлета мы і можам аднесці да групы “Асобая” адзін клуб. Гэта “Гомель”. Бо ён ужо не просты прэтэндэнт на павышэнне ў класе, але выйграў гэтую барацьбу даволі даўно. За тры гульні да фінішу бела-зялёныя маюць 76 ачкоў і апярэджваюць другую каманду першынства на 24 ачкі! Што ж, за гэты сезон “Гомель” усім усё даказаў. Многія прыхільнікі клуба з берагоў Сожы не сумняюцца, гаворачы пра ўваход сваіх улюбёнцаў у тройку вышэйшае лігі на наступны год. Пабачым. Пакуль можна сцвярджаць, што ў гамяльчан насамрэч сур’ёзны састаў, які ўжо зараз пасуе і да эліты.
.
Але спусцімся на ніз. Пункт 6 артыкула 3-га Рэгламенту Чэмпіяната Рэспублікі Беларусь па футболе пра ратацыю каманд паміж лігамі гаворыць: першую лігу мусяць пакінуць дзве каманды. І без усялякіх пераходных матчаў. У “зоне рызыкі” знаходзяцца пінская “Хваля”(29 ачкоў), гродзенскі “Белкард”, “Смаргонь”(абодва па 28), слонімскі “Камунальнік”(27), рэчыцкі “Ведрыч-97”(26) і “Ліда”(19). Ускладняе сітуацыю тое, што названыя аўтсайдэры амаль не будуць гуляць паміж сабой. Вышэй за ўсіх, а таму на больш бяспечным месцы знаходзіцца “Хваля”. Але якраз ёй і будзе цяжэй за іншых. Спачатку яна згуляе супраць “Смаргоні”, а завяршаць чэмпіянат будзе матчам з “Камунальнікам”. Балазе, абодва гэтыя паядынкі пройдуць у Пінску. Прасцейшым выглядае выезд у перадапошнім туры ў Лунінец да “Граніта”, бо ён адзін з клубаў “балота”. “Белкард” прыме “Рудзенск”, з’ездзіць у госці да “Баранавічаў” і скончыць хатняй гульнёй з “Полацкам”. Гродзенцы будуць матываваны, што не заявіш пра іх сапернікаў. Калі сапернікі не адшукаюць нейкі стымул, за тое, што гродзенцы захаваюць месца ў першай лізе не будзе хваляванняў. “Смаргонь” двойчы запар гуляе ў гасцях, з “Хваляй” і “Камунальнікам”, так што ёй будзе не прасцей ад пінчукоў, а ўлічваючы адставанне ад іх у ачках… Карацей, праблемы будуць. Затое ўсё ў руках “Смаргоні”. Тым больш, яшчэ гуляць з “Верасам”, якому дакладна нічога не трэба, апроч, спадзяемся, свайго гонару. “Камунальнік”, акрамя вышэйназваных матчаў супраць “Хвалі” ды “Смаргоні”, памераецца сіламі з “Гомелем”. А беручы пад увагу прынцыповасць абсалютнага лідэра, негледзячы на бліскучую турнірную сітуацыю, якая ўжо не патрабуе ад “Гомеля” увогуле набіраць хоць якія балы, слонімцам прыйдзецца хутчэй адбівацца на гомельсікм “Цэнтральным” і шукаць шчасця ў контратаках.
.
У каманд, што займаюць месцы ў зоне вылету будзе па адным экстрэмальным матчы. І тут сутыкнуцца інтарэсы “арлоў” і “двоечнікаў”. Прытым, адбудуцца “сустрэчы-Х” ў адным і тым жа туры – 29-м. Тады прэтэндэнты на паніжэнне ў класе адправяцца ў госці да каманд, што ірвуцца да вышэйшай лігі. “Ведрыч-97” сустрэнецца ў Мінску са СКВІЧ, а “Ліда” паедзе ў Гомель супрацьстаяць “ХБК”. 6 лістапада стане днём, які прадэманструе ўсё. “Ведрыч-97” згуляе дома з “Верасам” і “Рудзенскам”, а “Ліда” – таксама дома з “Полацкам” і “Гранітам”. Ацэньваючы шанцы каманд уцэлым, амаль зразумела, што “Ліда” адправіцца на паніжэнне – дапамагчы можа толькі цуд. Сярод усіх астатніх па календары ды й паводле апошніх вынікаў больш вялікія шанцы вылецець у “Смаргоні”.
.
Да “балаціны” мы прылічваем “Славію-Мазыр” (якая, дарэчы, усё ж мае ледзь не міфічны шанц упасці у другую лігу), “Полацк”, “Хімік” (Светлагорск), “Рудзенск”, “Верас” (Нясвіж), “Баранавічы” ды “Граніт” (Мікашэвічы). Апошнія яшчэ нядаўна змагаліся на роўных за права пераходнага матчу з клубам вышэйшай лігі, але цяпер маюць дзеля таго толькі невялічкую магчымасць.
.
Палічым так ці інакш аднаго з “балаціны”. Усё ж у “Граніта” захоўваецца мажлівасць вярнуцца ў вышэйшы дывізіён. У 4 ачках над ім сталічны СКВІЧ, у 5-ці – “ХБК-Гомель”. За тры туры ліквідаваць такое будзе складана. Але важны крок “Граніт” можа зрабіць ужо ў 28-м туры, калі да яго прыедзе ў госці “ХБК”. Далей паядынкі, напэўна, не менш простыя – “Хваля” і “Ліда”. Зрэшты, паміж камандамі існуе розніца ў сіле, таму “Граніт” мае перавагу.
.
“Арламі” горда называюцца толькі двое: “ХБК-Гомель” і СКВІЧ. Першыя абганяюць другіх на адно ачко. У “ХБК” спачатку выезд да “Граніта”, як ужо гаварылася, затым прыём “Ліды” і выезд да “Славіі-Мазыр”. СКВІЧ фінішны адрэзак распачынае гасцявой гульнёй з “Хімікам”, потым прымае “Ведрыч-97” (вось ужо дзе інтрыга будзе і бітва!), апошні матч чэмпіянату мае быць з “Гомелем” у гасцях. Напэўна, каляндар крыху складанейшы для СКВІЧ, тым больш, што і адставанне ад канкурэнта ёсць. Так што пакуль калектывы вышэйшага эшэлону вырашаюць, хто з іх будзе гуляць пераходныя матчы, пакуль у другой лізе “Гарадзея”, “Слуцкцукар” і “Клечаск” вядуць бескампрамісную бітву за два месцы ў першай лізе, клубы гэтай самай першай лігі не спяць, а рыхтуюцца да фінішу, які непрадказальны.
.
Аўтар: Арцём Сізінцаў