• 06.07.2025

Агляд 19-га туру першай лігі

Авг 30, 2010

Цэнтральным матчам туру стала гомельскае дэрбі. Памятаем, як фанаты “Гомеля” былі незадаволеныя суддзямі ў першым кругу пасля матчу з “ХБК”. Тады яны палічылі, што памылкі брыгады рэферы паўплывалі на канчатковы вынік, і “ХБК” дамогся перамогі. Але цяпер “Гомелю” хацелася адпомсціць землякам за паразу, якая была для клуба адзінай у чэмпіянаце. Пасля дэрбі яна такой і засталася. “Зялёна-белыя” валодалі ініцыятывай і адкрылі лік пасля ўдару свайго форварда Казекі на 33-й хвіліне. Далей у матчы было на што паглядзець, аднак гол забілі толькі аднойчы – ужо ў кампенсаваны арбітрам час Паўлючак развіў перавагу сваёй каманды – 2:0.
.
“Ведрыч-97” прадэманстраваў футбольнаму свету, што будзе змагацца за выжыванне, і не даручыць свой лёс будзь-каму. На сваім полі рэчычане нечакана разабраліся з “Гранітам”. Прычым нават саступалі пасля голу Бойкі. Удары Тарасенкі, Чыкунова і Ламакі аформілі трэцюю вікторыю “Ведрыча” ў сезоне. А калі ўлічыць тое, што рэчычане – самы незабіўны клуб лігі (на дадзены момант толькі 13 мячоў) – тры галы ў матчы з “Гранітам” – “карысны выкапень” для мясцовага клуба. Сенсацыйная нават не столькі перамога “Ведрыча”, сколькі тое, што рэчычане забілі дужа многа для сябе.
.
Ну а СКВІЧ да двух не палічыў і з запасам скарыстаўся пройгрышамі канкурэнтаў за другую пазіцыю. Покер Юрыя Мархеля на мінскім “Алімпійскім” дазволіў разарваць пінскую “Хвалю”. “Гомель” апярэджвае сваіх канкурэнтаў цяпер на 17 балаў.
.
Нясвіскі “Верас” адыграўся ў матчы з “Рудзенскам”, калі на гол Горбача адказаў стрэлам Сітко. А ўдары Кулікова і Дзенесюка падкрэслілі перавагу “Вераса” – 3:1.
.
“Хімік” у Светлагорску сустрэўся з галоўным аўтсайдэрам сёлетняга чэмпіянату – “Лідай”. Стаўка на хуткі гол згуляла – ужо на 8-й хвіліне мяч заляцеў за лінію пасля ўдару Шукеловіча. На 12-й хвіліне Навіцкі зрабіў лік 2:0. Пасля такога, звычайна, лідэр матчу супакойваецца і “сушыць” гульню. Гэта не пра “хімікаў”. У іхнім наборы было дастаткова рэчываў, каб зрабіць не гульню сухой, а лік. Навіцкі быў аўтарам дублю ўжо к 20-й, а на 25-й Шукеловіч далучыўся па колькасці мячоў да партнёра. Далей не той, ні другі не рэалізавалі свае шанцы аформіць класічны ці хаця б проста “хэт-трык”. “Ліда” стала першай камандай, у вароты якой за чэмпіянат заляцела 40 мячоў.
.
Слонімскі “Камунальнік” сапсаваў настрой “Баранавічам”. Госці ледзь не з’ехалі з “баранкай”. У першым тайме “Баранавічы” мала пагражалі варотам слонімцаў, затое тыя правялі два выніковыя наступы – першы завяршыўся стрэлам у сетку ад Званкова, другі ад Сакалоўскага. Абодва разы мяч залятаў у вароты з правільнага боку – 2:0. Знаць, як скончыцца матч было справай не такой і складанай, але слонімцы не стрымалі наступы гасцей хаця б да 75-й хвіліны. Якраз незадоўга да гэтага прамежку абаронцы завалілі ў штрафной нападніка “Баранавічаў”. Пятручык быў бязлітасным з “кропкі” – 2:1. Не атрымалася ў гаспадароў датрымаць і гэты лік. “Рахунак” за ўсе безвыніковыя ўдары “Баранавічаў” слонімцы сваім голам выставіць не змаглі – так нічога больш і не забілі, а госці даціснулі “Камунальнік”. Герман выратаваў ачко для свайго клуба.
.
У процістаяннях сераднякоў “Смаргонь” з нечакана буйным лікам саступіла “Полацку” 1:5, у палачанаў дублем адзначыўся Круглоў. А “Белкард” і “Славія-Мазыр” не паказалі гледачам асабліва відовішчнага футбола, два з трох галоў у гэтым матчы былі праведзеныя з 11-метровых. Перамогу 2:1 святкавалі гродзенскія футбалісты.
.
Аўтар: Арцём Сізінцаў

  Команда М В Н П РМ О
1 Гомель 30 27 1 2 80-16 82
2 СКВИЧ (Минск) 30 17 7 6 52-21 58
3 ДСК-Гомель 30 17 7 6 52-26 58
4 Гранит (Микашевичи) 30 16 8 6 52-23 56
5 Руденск 30 12 7 11 37-39 43
6 Барановичи 30 11 10 9 31-37 43
7 Полоцк 30 9 12 9 38-34 39
8 Химик (Светлогорск) 30 10 7 13 37-44 37
9 Славия-Мозырь 30 10 7 13 33-44 37
10 Верас (Несвиж) 30 9 8 13 31-39 35
11 Волна (Пинск) 30 11 2 17 31-48 35
12 Сморгонь 30 8 8 14 33-43 32
13 Белкард (Гродно) 30 8 6 16 25-40 30
14 Ведрич-97 (Речица) 30 8 6 16 29-46 30
15 Коммунальник (Слоним) 30 5 13 12 23-48 28
16 Лида 30 4 7 19 23-59 19