Футбол. Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 13-ага туру: Гётцэ б’е Мюнхен, а Рафаці застаецца жывым
Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Ноябрь 21, 2011 9:54
“Кайзерслаўтэрн” нічога не супрацьпаставіў “Баеру-04”. “Чэрці” падчас паўзы на гульні зборных сустрэліся з нацыянальнай камандай Люксембурга і атрымалі перамогу з лікам 2:0. Цяпер з такім жа лікам быў прайграны матч леверкузенцам. На 54-й хвіліне Міхаэль Балак забіў першы мяч. Легенда леверкузенскага клуба на тыдні сказаў, што пакіне каманду па заканчэнні сезону, а пакуль прыносіць карысць. Зрэшты, гол бы не атрымаўся, калі б нармальна на прыёме мяча згуляў Кевін Трап, аднак брамнік гаспадароў памыліўся і абы як сутрэўся са снарадам. На 70-й Сідні Сэм атрымаў мяч непрыкрытым у самым цэнтры штрафной і тэхнічна пераправіў яго ў сетку – 0:2! Больш сур’ёзных момантаў у гульні не было – перамога “аптэкараў”.
А вось у суботу грымнуў гром: матч паміж “казламі” і “карнавальшчыкамі”, а калі па назвах каманд, то “Кёльнам” і “Майнцам-05” быў адменены з-за таго, што на стадыёне не знайшлі…арбітра. Бабак Рафаці, які мусіў абслугоўваць гэтую гульню быў знойдзены ў гатэлі з перарэзанымі венамі. На шчасце, спроба самагубства так і засталася спробай, цяпер жыццю рэферы нічога не пагражае.
“Барусія” з Мёнхенгладбаха не адчула ніякіх праблем з “Вэрдэрам” – брэмэнцы былі раздушаныя нібы якім грэйдэрам. Херман адкрыў лік, а Ройс дадаў два галы на табло – разгром ужо ў першым тайме. У другой палове Ройс аформіў хэт-трык, а затым Аранга зрабіў лік непрыстойным – 5:0! У “Вэрдэра”, па вялікім рахунку, момантаў было зусім няшмат. У наступным матчы камандзе “музыкаў” не дапаможа Папастатопулас, які быў выдалены з поля. “Шальке” перамог “Нюрнбэрг” 4:0, аднак паводле меркаванняў сведкаў, зусім не заслужыў такой буйной перамогі. Франконцы біліся да канца і настолькі вялікае адставанне можна патлумачыць адсутнасцю ўдачы. Дубль у гэтым матчы аформіў Хунтэлаар, які прывучыў усіх да граду галоў, а Рауль і Холтбі вызначыліся аднойчы. Ну і яшчэ адзін цікавы факт: з 1993 году “Нюрнбэрг” не перамагаў у Гельзенкірхене, “традыцыя” захоўваецца…
“Вольфсбург” стварыў міні-сенсацыю, бо перамог “Гановэр”. “96-м” моцна пашкодзіў Конан Я – бамбардзір каманды, які цяпер усё болей выкарыстоўваецца на правым флангу паўабароны ўжо на 58-й хвіліне быў выгнаны з поля. На той момант лік быў 3:1 на карысць “ваўкоў”, прычым дубль у іх саставе зрабіў Хасан Саліхаміджыч. Конан Я сваім выдаленнем з-за неспартыўныя паводзіны практычна перакрэсліў намаганні партнёраў і ў астатнія хвіліны Мадлунг дабіў “96-х” – 4:1. Аляксандр Глеб выйшаў на поле на 64-й хвіліне.
Дужа цікавы матч падаравалі клуб яшчэ аднаго беларуса – Антона Пуцілы – “Фрайбург” і берлінская “Герта”. Сталічныя футбалісты маглі звезці з правінцыі тры ачкі, але не змаглі ўтрымаць пераможны лік, прапусціўшы на апошніх секундах. Першы гол “старой дамы” быў узорным – Рамас атрымаў бліскучую перадачу ад Рафаэля і з лініі штрафной прабіў міма Баўмана. Другі гол берлінцы забілі тады, калі здавалася, што “Фрайбург” адбіўся – штрафны ўдар, мітусня і неразбярыха ля варотаў Баўмана, урэшце мяч трапляе да Німаера і той падвойвае лік! Але “Герта” сёлета дужа любіць баявыя нічыі, хоць бы і даводзілася прапускаць. На 61-й хвіліне Райзінгер абгуляў Эбэрта і паклаў мяч быццам у більярдную лузу – вельмі ўпэўнены ўдар і, галоўнае, галявы. У другі раз Крафт капітуляваў пасля ўдару Райзінгера галавой ва ўпор – 2:2? Не! Арбітр убачыў афсайд і гол не залічыў. Тым не менш на 95-й(!) хвіліне фрайбуржцы сышлі ад паразы – той жа Райзінгер паразіў пусты вугал – 2:2! Антон Пуціла правёў на поле ўсю сустрэчу.
“Гамбург” нарэшце агораў хоць каго! Пераможаным стаў “Хафенхайм”. Адкрылі лік гаспадары на 25-й хвіліне пасля ўдару Герэра, гол стаў магчымым з-за памылкі Бэка. У другім тайме “Гамбург” “вазіў” сапернікаў па полі і заканамерна скончыў справу другім мячом – Марцэль Янсэн забівае – 2:0! Першая перамога “Гамбурга” пад кіраўніцтвам Торстэна Фінка.
Марцін Харнік стаў галоўнай асобай “Штутгарта” ў матчы з “Аўгсбургам”, пры тым, што госці агрызаліся і маглі разлічваць на большае, чым параза з мінімальным адставаннем. Харнік упершыню забіў на 41-й хвіліне, але калі швабы забілі гол “у раздзявальню”, то госці “з раздзявальні”. Вэрнэр прымчаўся ў штрафную швабаў, адгукнуўся на перадачу – і 1:1! Але Харнік меў сваё меркаванне пра сітуацыю – 2:1! “Штутгарт” перамагае.
Цэнтральны матч доўга анансаваўся, усе нямецкія тэлеканалы, якія маюць хоць мінімальнае дачыненне да гульні №1 бясконца гаварылі, якое відовішча чакае нас у суботу. Узгадвалі пры гэтым і 90-я, калі менавіта гэтыя два клубы часта разыгрывалі “срэбраную салатніцу” паміж сабой. Юп Хайнкес падрыхтаваў для Юргена Клопа сюрпрыз – Ар’ен Рабэн з’явіўся на поле не на замену, а з першых хвілін. Дортмундцы не асабліва бедавалі з гэтай нагоды – галандца часткова ўдалося нейтралізаваць. Больш за тое, “Барусія” з самага старту ўсталявала кантроль за мячом і пляла камбінацыі. Гледачы цягам усіх 90 хвілін назіралі зайздросны тэмп, дакладныя перадачы, непазбежныя памылкі. Аднак гол у сустрэчы быў забіты толькі адзін – Марыа Гётцэ апынуўся ў брамніцкай, Жэром Баатэнг не ўсачыў за мячом і дазволіў дортмундскаму лідару прабіць – Ноер ужо нічым не дапамог – 0:1! Вельмі радаваў гульнёй і фізічнай формай Левандоўскі, аднойчы Робэрту не хапіла толькі ўдачы аббегчы трох апанентаў і ўварвацца ў штрафную. Трэці раз запар “Барусія” перамагае “Баварыю” – чым не ўпэўнены доказ панавання футбольнага Дортмунда на нямецкай арэне? Наперадзе ў “жоўта-чорных” адказныя матчы: у Лізе чэмпіёнаў дортмундцы згуляюць супраць “Арсенала”, а ў чэмпіянаце супраць “Шальке-04”, а гэта, зразумела, шквал эмоцый і непрадказальнасць зыходу.
“Баварыя” застаецца лідарам, маючы 28 ачкоў. У “Барусій” Дортмунда і Мёнхенгладбаха па 26 ачкоў, “Шальке” мае 25. Унізе “Майнц”, “Нюрнбэрг” (па 12), “Фрайбург” (11), “Аўгсбург” (8).
Звернемся і да падзей у Бундэслізе 2. Крыху прытармазіў “Санкт-Паўлі”, а франкфурцкі “Айнтрахт” выйшаў на першае месца. Ва ўпартай барацьбе “Айнтрахт” адолеў аўтсайдэра “Алеманію” 4:3. А вось папярэдні лідар – “Фартуна” з Дзюсельдорфа ў гасцях згуляла сумную нічыю з берлінскім “Уніёнам” 0:0. Цяпер франкфуртцы на чале турнірнай табліцы, маюць 35 ачкоў. “Фартуна” паводле дадатковых паказчыкаў саступае, трэцім ідзе “Гройтэр Фюрт” (33 ачкі), які якраз у бліжэйшым туры “Фартуна” прыме ў сябе ў Дзюсельдорфе. “Санкт-Паўлі” на чацвёртым радку, 32 ачкі, на пятым месцы “Падэрборн”, 31 ачко.
Пратакол.
Кайзэрслаўтэрн – Баер-04 0:2 (Балак, 53, Сэм, 70)
Барусія М – Вэрдэр 5:0 (Херман, 16, Ройс, 23, 38, 51, Аранга, 53)
Шальке-04 – Нюрнберг 4:0 (Хунтэлаар, 13, 66, Рауль, 39, Холтбі, 84)
Вольфсбург – Гановэр-96 4:1 (Саліхаміджыч, 22, 36, Крыс, 56, Мадлунг, 74 – Крыс (аўтагол), 43)
Фрайбург – Герта Берлін 2:2 (Райзінгер, 61, 95 – Рамас, 20, Німаер, 45+1)
Баварыя – Барусія Д 0:1 (Гётцэ, 65)
Гамбург – Хафенхайм 2:0 (Герэра, 25, Янсэн, 65)
Штутгарт – Аўгсбург 2:1 (Харнік, 41, 51 – Вэрнэр, 47)
Кёльн – Майнц-05 матч адменены з-за спробы самагубства арбітра
© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна
Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT
Онлайн предоставлен Livescore
Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Комментарии 0
Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.