Спорт Беларуси



Футбол. Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 12-ага туру: удалае дабіванне Гомэса і эра бамбардзіраў

Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Ноябрь 7, 2011 17:29

“Майнц-05” скончыў сваю жудасную серыю з 9 матчаў без перамог. “Штутгарт” не саступаў у чатырох гульнях да гэтага, але цяпер саступіў “карнавальшчыкам”. На 50-й хвіліне Какау забіў з прастрэлу Харніка і вывеў швабаў наперад. Здавалася, што “show must go on” у самым кепскім сэнсе для “Майнца”, але падапечныя Томаса Тухеля сабраліся і пайшлі ў атаку на швабаў. Хутка Уджа адсвяткаваў свой дэбют у Бундэслізе мячом з падачы Сота. Затым арбітр паставіў вельмі спрэчны пенальці ў вароты “Штутгарта”, сказаўшы, што Нікалая Мюллера завалілі ў штрафной, хоць гэтаму з цяжкасцю можна было даць веры, праглядзеўшы відэазапіс. Але пенальці пастаўлены, а Андрэас Іваншытц, якога вярнулі ў стартавы састаў, не схібіў – 2:1! А затым “Майнц” апраўдвае сваю мянушку – сапраўдны карнавал, які сканчваецца другім голам Уджы – 3:1! Серыя суму скончана, можа пачнецца серыя карнавалу? У канцы матчу ў каманд засталіся толькі сілавыя аргументы. На 83-й Паланскі пайшоў у дужа грубы падкат на Хемлайна і адправіўся адпачываць загадзя. На 90-й не вытрымалі нервы ў цэнтральнага абаронцы “Штутгарта” Мазы, які быў выдалены за другую жоўтую картку.

Беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб зусім нядаўна нарэшце дэбютаваў за “Вольфсбург”, і вось цяпер упершыню забіў за “ваўкоў”. Да голу беларуса “Барусія” (Дортмунд) ужо двойчы паспела засмуціць Бэналья. Удары Гетцэ і Кагавы сталі выніковымі. Глеб выйшаў на поле на 40-й хвіліне замест траўмаванага чэха Яна Полака і забіў на 60-й хвіліне. Тут жа дортмундцы забілі ў адказ, не дапусціўшы набліжэння ценю канкурэнцыі. Аўтар – Бэндэр. Потым Левандоўскі і Гетцэ давялі справу да разгрому каманды Магата – 5:1! Мінусам для дортмундцаў з’яўляецца траўма Нэвэна Субоціча. Серб у барацьбе з Кір’якасам атрымаў пералом верхняе сківіцы і вачніцы і цяпер будзе без футболу як найменш паўтара месяцы.

“Герта” прымала “Барусію” з Мёнхенгладбаха. У Берлін прыехаў экс-трэнер “Герты” Люсьен Фаўр. З самых першых атак стала здавацца, што берлінцы свайго не ўпусцяць і як мінімум набяруць ачко. На 18-й берлінцы забілі: пас Рафаэля на Рамаса, а той забівае. І пасля пачалося… Гладбахцы зразумелі, што могуць “прашляпіць” усё і прыняліся атакаваць. На 33-й і 55-й хвілінах Ройс двойчы забіваў Крафту і паказаў, хто цяпер сапраўдны лідар “Барусіі”. 1:2, “Старая дама” не вытрымала ўпартасці гладбахцаў.

“Хафенхайм” прымаў “Кайзерслаўтэрн”. Першымі вызначыліся “99-я” пасля ўдару Ібішавіча. Праз сорак хвілін, на 73-й Куэмаха зраўняў лік, нічыя 1:1.

Паўабаронца “Фрайбурга” Розэнталь стаў цэнтральнай постаццю гульні з “Нюрнбэргам”. Экс-футбаліст “Гановэра” забіў на 34-й хвіліне, ягоны гол стаў шпаркім адказам на мяч Франца за дзве хвіліны да таго. А ў канцы гульні актыўныя дзеянні Разэнталя дазволілі “Фрайбургу” атрымаць вікторыю ў гасцях, што для аўтсайдэра, безумоўна, важна. Штэфан коштам жоўтай карткі і пенальці ў свае вароты спыніў паўабаронцу, а Сісэ забіў 11-метровы – 1:2, “Фрайбург” прывозіць з Нюрнбэрга тры балы. І перамога тая здабыта на 90+3-й хвіліне! Антон Пуціла, дарэчы, правёў на полі ўвесь матч.

Пенальці вырашыў багата і ў Брэмэне, дзе мясцовы “Вэрдэр” выйграў у “Кёльна”. Клеменс і Падольскі яшчэ ў першай палове двойчы прымусілі Візэ даставаць мяч з сеткі. Затое Рэнзінг, каторы ў першай палове збольшага адпачываў, у другой атрымаў напоўніцу. На 49-й Пісарра забівае першы гол, на 53-й Сэрэна спыняе праход Розэнбэрга ў сваёй штрафной і прызначаецца 11-метровы. Да таго ж Сэрэна ідзе датэрмінова адпачываць у раздзявальню. Пісарра з “кропкі” афармляе дубль. У канцы матчу “Вэрдэр” вырывае тры ачкі! Шматхадоўка Хант-Розэнбэрг-Пісарра сканчваецца ўдарам перуанца – ёсць хэт-трык! Ёсць 3:2! Неверагодны ў цэлым матч і неверагодная валявая перамога “брэмэнскіх музыкаў”!

“Гановэр” прымаў “Шальке” ў сябе дома і матч стаў відовішчам. У “Шальке” напярэдадні адбыліся падзеі з двума футбалістамі – Ян-Клаас Хунтэлаар зламаў нос, а Пэр Клюге лёг пад нож, дзе яму прааперавалі левае калена. Калі Хунтэлаар у бліжэйшы час вернецца на поле, то Клюге да зімовага перапынку гельзенкірхенцам не дапаможа. Хоць гэта і гучыць жорстка, але адстутнасць Хунтэлаара дапамагла раскрыцца Пукі. Дублёр галандца стаў адным з герояў матчу з “96-мі”. Ужо на 2-й хвіліне “Шальке” мог выйсці наперад, аднак Хювэдэс не забіў ва ўпор. На 26-й хвіліне Пукі атрымаў выдатную магчымасць забіць і зрабіў гэта – навес Фухса, удар галавой Пукі – 0:1! Імгненна партнёр Пукі па камандзе Пападопулас звёў старанні калегі на нішто, зрэзаўшы мяч у сваю сетку – 1:1. На 59-й хвіліне прыйшоў час ударнай атакі “Гановэра” паказаць сваю выбітнасць. Падача Шлаўдрафа і гол Абдэлаўэ. “Шальке” ў адказ сам пайшоў наперад і Пукі аформіў дубль – нічыя 2:2.

“Гамбург” дома сустракаўся з леверкузенскім “Баерам-04”. У гэты дзень 75-годдзе адзначаў легедарны футбаліст “Гамбурга” і нацыянальнай зборнай Федэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны Увэ Зэелер. Таму гамбуржцы прыклалі ўсе намаганні для перамогі. Іншая справа, што гэтым намаганняў не хапіла для перамогі над сур’ёзным апанентам. Ужо на 5-й хвіліне леверкузенцы выйшлі наперад. Шурле са штрафнога паслаў мяч не вельмі высока, трапіў у галаву Дыкмаера, і ад таго мяч заляцеў у вароты Дробны. На 20-й хвіліне той жа Шурле навесіў на Бэндэра, які падвоіў лік. Прыжыўся Андрэа ў новай камандзе, цяпер складана ўявіць сабе “Баер” без Шурле. “Гамбург” вырашыў не адкладаць свае атакі на другі тайм і пачаў біцца. Удар Янсэна – Лена з цяжкасцю адбівае мяч. Новая атака і Вэстэрман выскоквае вышэй за астатніх – гол! А на 57-й Тэрэ выдаў перадачу на Янсэна, які і зраўняў лік – 2:2! “Гамбург” пасля жудаснага старту акрыяў і не саступае ўжо ў 5 гульнях запар.

“Баварыя” ў матчы Лігі чэмпіёнаў з “Напалі” атрымала прагал у сваёй паўабароне – цяпер будзе цяжка замяніць Басці Швайнштайгера, каторы зламаў ключыцу. У “Аўгсбурга” не змог выйсці на поле Сімон Енцш, асноўны брамнік быў заменены на Амсіфа ды па іншых пазіцыях прасочваліся праблемы – лазарэт “Аўгсбурга” на цяперашні час перапоўнены. Мэрле, Эрль – не апошнія футбалісты ў гэтай камандзе і яны не могуць пакуль гуляць праз здароўе. На 18-й хвіліне ў “Баварыі” забіў Гомэс, які тыднем зрабіў хэт-трык у гульні з “Напалі”. Прычым вызначыўся Гомэс у звыклым ключы – на дабіванні. Трэба ўмець выбіраць пазіцыю, з гэтым у Марыа праблем няма, а партнёры стараюцца. Бадштубэр, які зарабіў у пераможным матчы з “Напалі” чырвоную картку, выправіўся добрым ударам, Амсіф адбіў мяч, але на дабіванні быў Гомэс – лік адкрыты. Адным з лепшых звёнаў у сустрэчы быў Тоні Кроас, маючы такога паўабаронцу Юпу Хайнкесу не трэба хвалявацца ні за што. Другі гол стаў вынікам бліскучай індывідуальнасці Франка Рыберы, які фактычна самастойна падвоіў лік. “Баварыя” супакоілася і дарэмна зрабіла гэта. На 58-й Хасагаі скарыстаўся мітуснёй у штрафной мюнхенцаў, Алаба выносіў мяч ужо з-за лініі варотаў – 1:2! Албанец Эдмонд Каплані ўвогуле ледзь не прынес падапечным Ёса Лухукая радасць нічыі, але Ноер выйграў дуэль з назвай “выхад сам-насам”. Для “Баварыі” матч скончыўся пераможна, але ў бліжэйшых гульнях не дапаможа нічым партнёрам украінец Анатоль Цімашчук. Той прамой нагой пайшоў на саперніка, за што быў справядліва выгнаны з поля.

У наступным туры ў суботу “Баварыя” прымае дортмундскую “Барусію”. Цэнтральны матч, якраз перад ім сапернікі ўзмацнілі свае пазіцыі наверсе. У “Баварыі” 28 ачкоў, у “Барусіі”, “Вэрдэра” і “Барусіі” з Мёнхенгладбаха па 23 ачкі. “Шальке” на 5-м радку з 22 ачкамі. У падвале “Гамбург” і “Фрайбург” маюць па 10 балаў, у “Аўгсбурга”, які гераічна біўся з “Баварыяй” і мог набраць ачкі, калі б яму больш пашэнціла, 8 набраных балаў.

Марыа Гомэс узначальвае табліцу бамбардзіраў. У яго 13 галоў, тройчы забіў з пенальці. 11 разоў забіваў Пісарра і 10 Хунтэлаар. Вяртаецца эра бамбардзіраў, калі пасля 12 тураў столькі футбалістаў забівае 10 і больш галоў, то гэта прыемна адзначаць. Часы Зэелера і Герда Мюллера вяртаюцца? Напэўна, так.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY