Спорт Беларуси



Футбол.Чэмпіянат Італіі. Агляд 9-га туру: “Юве” аднаўляецца на троне, другі запар хет-трык гульца “Мілана”, шчасце “Інтэра” ў Бергама

Автор:Яраслаў Лыскавец; Источник: Спорт Беларуси, Октябрь 28, 2011 0:20

МАТРЫца: Эвалюцыя.

Дзявяты тур Серыі А распачынаўся ў аўторак сустрэчай “Ювентуса” і “Ф’ёрэнціны” ў Турыне. Гаспадарамі кіравала жаданне вярнуць сабе першае месца, тым больш, што назаўтра “Удынэзэ” чакала не самая лёгкая сустрэча з напалітанцамі ў гасцях. А таму, каб апраўдацца перад сваімі заўзятарамі за запаволенне руху, “ювенціні” кроў з носу трэба было перамагаць. Добры настрой на сустрэчу адчуўся ў дзеяннях каманды Антоніа Контэ ўжо з першых хвілінах гульні. Аднаасобнае лідэрства “Юве” ў першым тайме сумненню не падвяргаецца: “віёла” за гэты час не нанесла ніводнага ўдару па варотах Марка Старары. А вось гаспадарам “Ювентус Стэдыўм” удача ўсміхнулася на 13-й хвіліне матчу: Андрэа Пірла зрабіў навес з вуглавога, адбыўся ўдар па варотах Боруца, галкіпер “фіялак” з мячом сустрэўся, але зафіксаваць яго не змог. На дабіванні першым апынуўся Леанарда Бануччы, і лік гульні быў адкрыты. І зноў “Юве” пачала падводзіць рэалізацыя. Шанцаў павялічыць адрыў ад гасцей у “Юве” быў воз і маленькая цялежка, але мяч у вароты ўпарта не ішоў, прычым з большасці намаганнямі не Боруца, а нападаючых “Старой Сіньёры”. Сініша Міхайлавіч у які раз у гэтым сезоне пачаў выконваць свой танец вар’ята, але ягоная каманда ў атаку ісці не збіралася. Відавочна, прамы кантакт Сінішы з гульцамі ў перарыве апынуўся больш эфектыўным, да таго ж, замест Чэрчы на поле ўвайшоў Джылардзіна, які толькі-толькі аправіўся ад траўмы. І рэзультат не прымусіў сябе чакаць. Бліскучая атака ў выкананні таго ж Джылардзіна і Варгаса вывела на ўдарную пазіцыю Стэфана Ёвеціча, і той не памыліўся. Увогуле, чарнагорскі форвард заслугоўвае самых пахвальных слоў ў апошні час. На фоне канфлікту клуба з Рыкарда Манаталіва “Ё-ё” стаў сапраўдным лідарам фіялетавай каманды, няхай і не ў самыя лёгкі для яе час.

Цяпер ужо Антоніа Контэ пачаў бегаць вачыма і нервова пазіраць на сваіх падапечных. Якіх, дарэчы, такі адказ гасцей ні разу не спужаў. Ўсяго 8 хвілін спатрэбілася “Юве”, каб зноў выйсці наперад. Ільвіная доля ў арганізацыі другога голу належыць Сімону Пепе, які літаральна прапіхнуў мяч у штрафную пляцоўку праз чацвярых абаронцаў “віёлы”. А там свайго часу чакаў Алессандра Матры, які без праблем перайграў Боруца. Сваёй радасцю сіньёр Контэ даказаў, што і ў 42 гады няблага гуляў бы на другім паверсе. Патугі “Фіёры” на фінішнай прамой гульні ні да чаго не прывялі. “Юве” перамагае і зноў становіцца на першы радок табліцы. Працягласць знаходжання каманды з Турыну на 1-м месцы вырашалася ўжо ў сераду ў сустрэчы “Напалі” і “Удынэзэ”.

“Парма” на арэшыне

Калі перакласці прозвішча Антоніа Начэрына на беларускую мову, то атрымаецца ажно тры словы. Noce—грэцкі арэх, rino — насарог. Сапраўды, у аўторашнім матчы Антоніа ў абароне быў такім жа цвёрдым, як арэх, а наперадзе нагадваў насарога. Пасля неверагоднага камбэку на “Віа дэль Марэ” Масімільяна Алегры струменіў аптымізмам і абяцаў фанатам станоўчы рэзультат. Як апынулася, не памыліўся. У плане гульні гэта быў, пэўна, лепшы матч “расанэры” ў сезоне. Абсалютны кантроль над мячом, ніякай спешкі і мандражу. У выніку — бясспрэчная перамога і задаволеныя твары заўзятараў. Адзіным слабым месцам каманды Алегры пакуль падаецца толькі цэнтр поля, асабліва пазіцыя плэймейкера. У фізічна моцным “Мілане” Альберта Аквілані выглядае слабавата і, канечне, не настолькі крэатыўна, як той жа Пірла. Усе галявыя моманты былі створаныя выключна лініяй атакі, паўабарона ж працавала толькі на разбурэнне. Другое пытанне — хто гэтыя атакі завяршаў…

Першы гол у вароты “Пармы” гледачы ўбачылі на 30-й хвіліне. Златан Ібрагімавіч даўно перакваліфікаваўся з наканечніка міланскіх атак ў распасоўшчыка. Вось і ў гэтым моманце швед прыняў мяч на левым фланзе, патанцаваў і пабегаў з ім, а потым аддаў перадачу ў цэнтр штрафной. Менавіта там мы і ўбачылі “насарога”- Начэрына. Антоніа праціснуў абаронцу “Пармы” і прапіхнуў мяч у вароты ў стылі Філіпа Інзагі. “Парма” не паспела развесці, як другі мяч апынуўся ў яе варотах. Ўсё той жа Начэрына рызыкнуў прабіць злёту метраў з 25-ці і не памыліўся: скураны снарад трапіў роўненька пад перакладзіну. Ашарашаны Мірантэ зноў выцягнуў мяч з сеткі.  Пасля гэтага голу гульня трохі супакоілася і да перарыву лік не змяніўся.

Прыемна, што “крыжакі” рук не апускалі і адразу пасля перарыву паспрабавалі навязаць сваю гульню. Але “Мілан” ужо набраў занадта хуткі рух. Шанцы забіць мелі Баатэнг, Аквілані, Касана. Але ўдача павярнулася тварам толькі да Ібрагімавіча, які пад канец змарыўся і перастаў выдумляць нешта занадта геніяльнае. Ягоны выхад сам насам на 73-й хвіліне зрабіў лік разгромным. Адзін Джавінка быў не згодны з такім рэзультатам. Себасціян працягваў насіцца па полі, як заведзены, і ўрэшце рэшт дабіўся свайго. У чарговы раз праваліўся на сваёй пазіцыі Банэра (здаецца, нават Мексэс з яго формай зараз выглядаў бы лепш, чым Даніэле), і “дзесятка” “Пармы” адправіла мяч у “домік” Аб’яці. А потым адбыўся беспрэцыдэнтны факт: Алегры ў ходзе гульні замяніў Ібрагімавіча на Рабіньё, раней адпачынак Златан запрацоўваў толькі выдаленнямі і траўмамі. Бразілец жа даволі добра ўвайшоў у гульню: стварыў сабе сам некалькі момантаў і сам жа іх растранжырыў. Затое нашаму галоўнаму герою — арэшку Начэрына было наканавана паўтарыць дасягненне Баатэнга ў мінулым туры. Касана вельмі доўга выглядваў, каму б аддаць мяч, стоячы каля лініі варот ў штрафной пляцоўцы і нарэшце навесіў на дальнюю штангу. Сведкі матчу ўбачылі “Крэпкі арэшак — 3” у выкананні Начэрына. Трэба заўважыць, што за ўсе тры гады выступленняў за “Палерма” (106 матчаў) Антоніа забіў 6 мячэй. 4:1, і “Мілан” ўздымаецца на 5 радок Серыі А, а паўабаронцы “расанэры” робяць два хет-трыкі запар.

Чорна-белая бязвольнасць

Пакуль адны “б’янканэры” выціскалі ўсе сокі з “Ф’ёрэнціны”, другім прыходзілася абараняць свае пазіцыі на “Сан Паала”. Але вялікага жадання рабіць гэтае ў “Удынэзэ” не назіралася. Франчэска Гвідалін, пэўна, вырашыў даказаць свае словы аб тым, што фрыўльцам яшчэ ранавата прэтэндаваць на Скудэтта і фактычна аддаў 3 пункты напалітанцам. Што гаварыць, калі галоўный трэнер гасцей не прывёз ў Неапаль двух жыццёваважных гульцоў асновы: Ды Натале (лепшы бабмардзір Серыі А ў мінулым сезоне і лідар па забітых галах у бягучым) і Іслу, які замяніў Інлера, купленага тым самым “Напалі”. А вось Вальтэр Маццары ў цацачкі гуляць не збіраўся: партапеі выпусцілі на поле самы ўдарны састаў, у тым ліку і трыа Хамшык-Лавессі-Кавані. Менавіта Лавессі і Уга Кампаньяры былі прызнаныя лепшымі гульцамі матчу у складзе каманды гаспадароў. Першы і адкрыў лік на 20-й хвіліне ўдарам з лёту, асістэнцкі бал на сябе запісаў Кавані, які выконваў ролю “сценачкі”. Пасля гэтага голу “Удынэ” адкрыўся і пайшоў наперад. І, трэба сказаць, моманты былі, але не хапіла Ды Натале. У канцы першага тайму “Напалі” павялічыў адрыў: былы фрыўлец Інлер разам з Дзэмаілі хітра разыгралі штрафны, а Крысціяну Маджа заставалася толькі падставіць галаву пад мяч. У другім тайме “Напалі” аддаў ініцыятыву гасцям, тыя мучыліся і пацелі, але нічога сапраўды небяспечнага каля варот Дэ Санкціса зрабіць не змаглі. А вось у гаспадароў моманты яшчэ былі. 2:0, і “Напалі” ўздымаецца на 4 радок, а “Удынэзэ” аддае лідэрства “Юве”.

Усяго па троху.

Яшчэ адной сенсацыяй 9-га туру… хаця, не. Нічыя “Інтэра” з “Аталантай” на фоне папарэдніх выступаў “нэраззуры” выглядае заканамернай і зразумелай. Больш за тое, па гульні міланцы павінны радавацца такому зыходу. Адказам на гол Снайдэра на 32-й хвіліне стаў ўдар Германа Дэніса ў канцоўцы 1-га тайму. Потым былі атакі “Інтэра” флангамі і вострыя адказы бергамаскаў на контратаках. Потым траўма Жуліа Сэзара і выхад на поле Лукі Кастэлацы. А потым Лука стаў героем гэтай сустрэчы. Спачатку ён адбіў ўдар Банавентуры ў дзявятку, што падавалася фізічна маларэальным, а затым ўзяў пенальці, прызначаны на 90-й хвіліне ў выкананні ўсё таго ж Дэніса. Трэба сказаць, што і госці маглі неклькі разоў забіваць, але нічыя — самае лагічнае і справядлівае завяршэнне гэтай сустрэчы. 1:1, “Інтэр” застаецца на 16-м месцы з 8 пунктамі пасля 8-і матчаў. “Аталанта” абыходзіць “Ф’ёрэнціну” і займае 12-ты радок.

Абедзьве рымскія каманды сваіх фанатаў не парадавалі. “Лацыа” не утрымаў перавагу ў адзін мяч над “Катеньей” на “Алімпіка”, а “Рома” ў гасцях саступіла “Джэнаа” з лікам 2:1. “Арлы” апусціліся на трэці радок табліцы, а “джаларосі” апусціліся на 8-ы.

Заўвага: матч “Палерма” — “Леча” адбудзецца ў чацвер увечары.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY