Футбол. Чэмпіянат Італіі. Агляд 8-га туру: лідэрства “Удынэзэ” і каранацыя Прынса
Автор:Яраслаў Лыскавец; Источник: Спорт Беларусі, Октябрь 24, 2011 22:53
Восьмы тур Чэмпіянату Італіі па футболе пачынаўся ў суботу вечарам супрацьстаяннем “Ф’ёрэнціны” і “Катаньі”. Напачатку гэтага сезона “сланы” паказалі, што хлопчыкамі для біцця быць не збіраюцца. Сіцыліянскі клуб здолеў утрымаць нічыю з “Ювентусам” і ўзяў верх над не самым моцным зараз “Інтэрам”. На гасцявую гульню супраць “віёлы” “Катанья” таксама выходзіла з запалам, бо апераджала сваіх апанентаў ўсяго на адзін пункт. Пэўна, менавіта гэты пункт і прымусіў “Ф’ёрэнціну” пайсці наперад у самым пачатку. Пасля некалькіх атак, якія нічым не завяршыліся, мяч у цэнтры поля атрымаў Стэфан Ёвеціч — галоўная надзея “фіялак”. Той прасунуўся з мячом наперад і вырашыў ударыць метраў з 20-ці. Удар выйшаў вельмі моцным і прыйшоўся ў дальні кут, Андуяру не заставалася нічога, акрамя як выцягнуць мяч з сеткі варот.
Пасля гэтага голу, гаспадары атакаваць не пераставалі і ціск на вароты “Катаньі” заставаўся на тым жа ўзроўні. Моманты сыпаліся адзін за адным, але “сланы” мужна супраціўляліся. Пад занавес першага тайму госці адважыліся-такі пайсці ў атаку і не пашкадавалі. Спачатку Катэлані не змог рэалізаваць стопрацэнтны момант, а потым Дэльвекіа быў першым на мячы пасля падачы корнэра. У 33-гадовага Джэнара хапіла вопыту, каб з 5 метраў трапіць у вароты, а не ў каго-небудзь з грамады абаронцаў “віёлы”. З лікам 1:1 каманды пайшлі адпачываць. Вядома, такі расклад не задавальняў Сінішу Міхайлавіча, і ў другім тайме ўсе сілы былі кінутыя ў атаку. Ізноў чарнагорскі форвард стаў галоўнай дзеючай асобай гэтых атак. На 61-й хвіліне “Ё-ё” атрымаў мяч перад самай штрафной і зноў рызыкнуў ўдарыць прыкладна з той жа кропкі, што і ў першай палове сустрэчы. Андуяр нічога не мог зрабіць з мячом, які паляцеў у “дзявятку”. Міхайлавіч радасна запрыгаў у тэхнічнай зоне. Тым часам “сланы” ў які ўжо раз сціснулі волю ў кулак і, уявіўшы сябе сланамі Ганібала, павольна рушылі наперад. Спадар Сініша, які выступаў у ролі Сцыпіёна, вырашыў нічога з гэтым не рабіць і проста чакаў фінальнага свістка арбітра. Гэтым і скарыстаўся легіянер “Катаньі” Максі Лопэс. Пасля зноў жа падобнай неразбярыхі у штрафной пляцоўцы гаспадароў менавіта ён нанёс завяршальны ўдар у сэрца “віёлы”. Да канца матчу заставалася менш за 10 хвілін, і Міхайлавіч тэрмінова пачаў уводзіць рэзервы у выглядзе Джылардзіна, але было позна. 2-2, і каманды захоўваюць таблічны парытэт.
Уверачы на “Ювентус Стэдыўм” адбывалася таксама вырашальная ў турнірным плане сустрэча і прайшла яна па сцэнары, яўна спісаным пад капірку з вышэйапісанай гульні. Пасля нулявой нічыёй з “К’ева” турынцам прыходзілася больш актыўна абараняць свае лідарскія пазіцыі, а таксама падцвярджаць свае чэмпіёнскія амбіцыі. Супернік “чорна-белым” выпаў не самы цяжкі, хоць і не без характару. “Джэнаа”, якую цяжка пазнаць пасля чарговага трансфернага перыяду, стабільнасцю і паспяховасцю не
вылучалася, пасля 6 сустрэч генуэзцы мелі ў актыве ўсяго 7 пунктаў. “Б’янканэры” рушылі з месца ў кар’ер і ўжо на 6-й хвіліне здолелі распячатаць вароты Фрэя. Алясандра Матры змяніў траекторыю палёту мяча пасля ўдару Маркізіа, і гасцям пыйшлося пачынаць з цэнтру поля. Потым у таго ж Матры было дастаткова момантаў, каб павялічыць свой галявы багаж,аднак лік заставаўся тым жа да 31-й хвіліны. Але на гэты раз мяч трапіў у супрацьлеглыя вароты. Нямецкі казах з беларускімі каранямі, які выказваў жаданне гуляць за зборную Расіі, Аляксандр Меркель прарваўся па левым фланзе і здолеў зрабіць завес у штрафную, там першым на мячы апынуўся Марка Росі, які без праблем пераправіў снарад у вароты свайго цёзкі па прозвішчы Старары. Як вы ўжо здагадаліся, і тут каманды пайшлі адпачываць з лікам 1:1. Калі браць фабулу папярэдняга матча, “Юве”павінен быў выходзіць наперад. Так і адбылося. Ізноў супадзенне: гулец каманды гаспадароў адзначыўся дублем. Андрэа Пірла паказаў, што можа не толькі раздаваць прыгожыя перадачы, але і прыгожа прапускаць мяч. Матры апынуўся сам насам з Фрэем і зрабіў лік 2:1. І тут “Джэнаа” рушыла наперад і мела шмат момантаў. Але ўвесь час чагосці не хапала, з большасці — удачы. Не хапала да пэўнага часу. На 85-йхвіліне гульцы “Джэнаа” зрабілі апошні штрых дзеля падабенства з матчам у Фларэнцыі: Андрэа Карач’ёла з блізкай дыстанцыі і з вострага кута перакінуў Старары і паставіў кропку ў гэтай гульні. 2:2, і ў суботу мы бачым два матчы, спісаныя адзін з аднаго як пад капірку, а трон “Юве” вельмі моцна заштурхаўся пад сваім гаспадаром.
Пляяду супрацьстаянняў нядзелі распачынала не самая інтрыгуючая гульня “Леча” і “Мілана”. Так падавалася толькі перад матчам. Хаця любіцелі статыстыкі зазначалі, што з апошніх 9 гульняў з “Леча” “расанэры” перамаглі толькі ў адной. Да таго ж, гэта была сустрэчы дзвюх “горшых” каманд. “Леча” — горшая дамашняя, “Мілан” — горшая гасцёвая. Ужо ў самым дэбюце сустрэчы ля варот гасцей быў прызначаны вельмі перспектыўны штрафны ўдар за фол Амбразіні, які ўзяўся выконваць Гросмюлер. І не дарма — проста ідэальны навес у штрафную плюс прайграная Епесам барацьба прыводзяць да голу Гільерма Джакамацы. “Мілан” пасля такой аплявухі нават не зрушыўся, а працягнуў свае метадычныя, але няўдалыя, спробы прыцягнуць мяч бліжэй да варот Бенассі, чыё прозвішча ў многіх больш асацыюецца з электроннай музыкай, чым з футболам. Пакуль “Мілан” расшавольваў сваю атаку, “Леча” таксама не закрываўся ў штрафной і час ад часу трывожыў Аб’яці небяспечнымі ўколамі. Адзін з такіх уколаў і прывёў да голу на 30-й хвіліне. Пасля вуглавога у выкананні гасцей Аб’яці быццам бы збіў Даніэле Корвію, але на паўторы добра бачна, што гулец каманды гаспадароў пачынае падаць задоўга да кантакту з кіперам “расанэры”. Тым не менш, суддзя вырашыў паставіць пенальці, рэалізоўваць
які ўзяўся экс-міланіст Массіма Ода, для якога, дарэчы, усё жыццё звязанае з “Міланам” і яго футбольнай школай. Магчыма, Ода і спрабаваў зрабіць падарунак сваім былым аднаклубнікам і пальнуць па вераб’ям, але трапіў роўненька ў “дзявятку”, без шанцаў для Аб’яці. Пасля гэтага голу у дзеяннях “Мілана” пачала праяўляцца значная нярвовасць, гульцы гублялі мяч яшчэ ў цэнтры поля, і дзеянні ў атацы не атрымліваліся. “Леча” заўважыў, што “Мілан” паводзіць сябе, як сапраўдны ранены звер, і кінуўся яго дабіваць яшчэ ў першым тайме. Чарговы правал у абароне — і “Леча” фактычна перакрэслівае ўсе шанцы “Мілана” на перамогу. Пасля некалькіх абрэзак і падарункаў гульцам “Леча” “Мілан” атрымаў трэці ўдар: гэта Гросмюлер да асыстэнцкага балу дадаў рэалізаваны выхад сам-насам. Пасля свістку арбітра гульцы “Мілана” пакідалі поле з апушчанымі рукамі, а твар Адрыяна Галіяні выглядаў чарнейшым за самую чорную хмару. Магчыма, у гэты момант ягонае рашэне прадліць кантракт з Алегры перастала быць такім цвёрдым. Сам жа сіньёр Алегры рук не апускаў, і як скажа на пасляматчавай канферэнцыі Златан Ібрагімавіч, “быў адзіным, хто зайшоў у распранальню з усмешкай і мэтай перамагчы”.
Першай жа мерай па спасенні ідучага да дна “Мілана” стаў выхад на поле Аквілані і Баатэнга. Першы замяніў ніякага Амбразіні, другі — такога ж незаўважнага Рабіньё. Вынік апынуўся проста неверагодным. Ужо праз першыя чатыры хвіліны другога тайму, якія прайшлі пад знакам бесперапынных атак “Мілана”, Кевін-Прынс Баатэнг скарачае разрыў моцным і прыгожым ўдарам у “дзявятку”. Тут ўжо “Леча” пачаў паводзіць сябе пасіўна і нічога не змяніў у сваёй гульні, а працягваў безнадзейна сядзець ля сваёй штрафной. Прастора і адсутнасць жорсткай барацьбы — вось, чаго так не хапала “Мілану” у першым і з’явілася ў другім тайме. Праходзіць яшчэ 6 хвілін — і той жа Баатэнг мацнейшым ўдарам з 20 метраў ірве сетку варот Бенассі. “Леча” не варушыцца і толькі мацней прыціскаецца да сваіх варот. А вось па гасцях бачна, што яны злавілі кураж і свайго не ўпусцяць, і добра, калі гаспадары абыйдуцца нічыёй і лёгкім перапудам. Яшчэ праз восем хвілін лік становіцца роўным. Хет-трык за 18 хвілін афармляе ўсё той жа Баатэнг, сярэдняя адзнака якога за матч, паводле меркаванняў асноўных еўрапейскаіх сайтаў, складае 9,5. Дарэчы, такі рэзультат ганец прысвяціў свайму трохгадоваму сыну. А ў “Мілана” з улікам дададзеных трох хвілін заставалася роўна паўгадзіны, каб перамагчы. Зрабіць гэта было няцяжка: моманты сыпаліся як з вядра. То Ібрагімавіч не дацягнецца лічаныя сантыметры, каб замкнуць тонкую перадачу Касана, то сам “фантантоніа” не здолее завяршыць атаку. Урэшце рэшт заўзятары “Мілана”, і, як можа падацца, самі гульцы “Леча”, уздыхнулі з палёгкай: “Мілан” выйшаў наперад. Гол на свой лік пасля яшчэ адной суперперадачы Касана запісаў антыгерой першай паловы сустрэчы Марыа Епес. Дарэчы, калі б Епес не трапіў
па мячы галавой, паслізнуўся ці адбыўся яшчэ які-небудзь эксцэс, то перадачу завяршаў бы не хто-небудь, а Кевін-Прынс. “Мілан” жа лёгка давёў сустрэчу да перамогі і выдаў адзін з самых прыгожых і запамінальных камбэкаў у Серыі А апошніх сезонаў. А да таго ж, яшчэ на дзесятак сантыметраў выцягнуў сябе з той дрыгвы, у якой апынуўся напачатку сезона — цяпер “расанэры” дзеляць 5-е месца з “Ромай” і “Напалі”.
З другіх сустрэч нядзелі трэба, канечне, выдзеліць тую, якая вызначыла новага лідэра. Пасля другой запар асечкі “Юве”, іх “чорна-белыя” браты атрымалі вельмі добры шанец прымерыць пераходзячую карону. З такім супернікам, як “Навара”, толькі-толькі вярнуўшайся ў Серыю А, не перамагчы было б страшным грахом. Асобных апладысментаў заслугоўвае Антоніа Ды Натале. Чарговае папаўненне бамбардырскага ліку Тато — на гэты раз дубль. Першы гол атрымаўся трохі няўдалым: ўдар Антоніа трапіў у кагосці з абаронцаў гасцей “Фрыўлі” і “парашутам” апусціўся ў вароты. Другому ж, наадварот, не займаць прыгажосці. Тато упэўнена рэалізаваў штрафны ўдар метраў з 23. Паміж гэтымі галамі Ды Натале ўклініўся і гол Даміцы галавой пасля корнэру. 3:0, і “Удынэзэ” — чысты лідэр Серыі А з 15-цю пунктамі ў актыве. “Навара” ж апускаецца на 17-е месца, у непасрэдную блізасць да зоны вылету.
Астатнія сустрэчы, якія адбыліся днём у нядзелю, асаблівай яскравасцю не вылучыліся: “Напалі” у гасцях не змог забіць “Кальяры”, які даказвае, што не выпадкова знаходзіцца ўверсе табліцы, але і не прапусціў. Такім чынам, “партапеі” дзеляць пятае месца з “Ромай” і “Міланам”. “Інтэр” мінімальна здолеў перамагчы “К’ева” на “Сан Сіра” з дапамогай голу Цьягу Мотты, але ў турнірным плане гэтая перамога не стала вельмі значнай — 16 радок.“Рома” гэтак жа мінімальна перамагла “Палерма” на “Алімпіка”, аўтар гола — Ламела.
А завяршала тур сустрэча “Балоньі” і “Лацыа” позна вечарам. “Арлы” забілі два мячы, на якія ў гаспадароў сустрэчы адказу не знайшлося. Аўтагол заносіць у свій пасіў Аквафрэска, другі на ліку Сенада Люліча. Такім чынам, рымляне выходзяць на чыстае другое месца з адным пунктам адставання ад лідара.
© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна
Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT
Онлайн предоставлен Livescore
Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Комментарии 0
Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.