Спорт Беларуси



Футбол. Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 9-га туру: “сухая” “Баварыя”

Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Октябрь 17, 2011 10:52

Адкрываў тур матч паміж брэменскім “Вэрдэрам” і дортмундскай “Барусіяй”, прычым чэмпіёнаў палохалі фактам, маўляў, няма ва ўсёй Бундэслізе спецыяліста па Вайдэнфелеру лепшага за Пісарра – Клаўдыа ўжо шэсць разоў прабіваў дортмундскага кіпера за сваю кар’еру. Чэмпіёна палохалі, але ён не вельмі напалохаўся. Блізка да сэрца такія факты ў Дортмундзе перасталі прымаць, тут любяць дзейнічаць па-свойму. Зрэшты, якраз Пісарра меў першы істотны момант для таго, каб забіць – Вайдэнфелер справіўся з ударам перуанца. На 42-й хвіліне “Барусія” адкрыла лік. Левандоўскі прайшоў глыбока ў абарону сапернікаў, захаваў мяч у барацьбе з двума апанентамі, адкаціў на Свэна Бэндэра, а той хутка перадаў мяч на Перышыча. Харват шыкоўным ударам пад папярэчыну вывеў “Барусію” наперад! У старце другой паловы матчу Перышыч збіў саперніка каля штрафной і абсалютна рэзонна зарабіў другую жоўтую. “Вэрдэр” тут жа стаў больш атакаваць. Непрадказальны дальні ўдар Шмітца – рыкашэт – папярэчына! Шыкоўны момант, нерэалізаваны “музыкамі” падбадзёрыў дортмундцаў і чэмпіён неўзабаве забіў у другі раз. Хумэльс паспрабаваў прабіць цераз сябе, замест удару атрымаўся пас на Авамаелу, а той без цяжкасцяў прабіў па варотах – 0:2! Нават у меншасці каманда-чэмпіён перамагае.

“Аўгсбург” прыехаў у Майнц пагасцяваць і атрымаў перамогу. У першым тайме Белінгхаўзэн добра біў па варотах Мюллера – той з пагрозай справіўся. Затым Здэнэк Поспех меў шанц адказаць голам “Майнца” – Енцш згуляў проста бліскуча. А наступным момантам быў незалічаны гол. Шкада, бо атака “карнавальшчыкаў” атрымалася бліскучай. Сканчваў камбінацыю Мюллер, але паводле меркавання суддзяў ён знаходзіўся ў афсайдзе. На самай справе Мюлер у афсайдзе не быў, але мяча злёгку дакрануўся камерунец Чупа-Моцінг, каторы і быў па-за гульнёй. На 78-й хвіліне Мэльдэрс не рэалізаваў выхад сам-насам – мяч трапіў у штангу. Праз дзесяць хвілін арбітр прызначыў пенальці у вароты “Майнца” і яго рэалізаваў Кальсэн-Бракер. Перамога “Аўгсбурга” – першая перамога клуба ў Бундэслізе ды яшчэ на выездзе!

“Герта” не перамагала “Баварыю” ў Мюнхене з 1977 году, не перамагла і гэтым разам. Мюнхенская машына проста задушыла сталічную каманду і пры гэтым сама зноў не прапусціла! Адкрыў лік Гомэс, які метадычна разабраўся з абаронцамі гасцей і паслаў мяч у прыцірку са штангай. Потым Баатэнг геніяльна прадушыў абарону сапернікаў, ад самай лініі аддаў мяч на Рыберы, а француз класічна паставіў нагу пад снарад – 2:0! Швайнштагер забіваў прыкладна як і Гомэс. За першыя 13 хвілін матчу “Баварыя” фактычна вырашыла яго лёс! Ар’ен Рабэн, каторы знаходзіўся разам са сваёй спадарожніцай на трыбуне, фатаграфаваў падзеі матчу на мабільны тэлефон, у тым ліку і момант з ударам Мюллера, калі стрэл Томаса адной рукой адбіў Крафт. Чацвёрты гол “Баварыя” забіла з надуманага пенальці. Рыберы ўпаў нібы скошаны без супрацьдзеі саперніка. Гомэс пакараў “Герту” за тое, чаго яна не рабіла – 4:0.

Яшчэ адна неперарваная серыя ў гэтым туры засталася на месцы – “Барусія” з Мёнхенгладбаха апошні раз перамагала дома леверкузенскі “Баер” 22 гады таму! Серыя працягваецца. На 20-й хвіліне Райнартц з падачы Балака вывеў “аптэкараў” наперад. Гол Ройса зраўняў лік, прычым вельмі быў чымсьці незадаволены Кастра, і рэферы вырашыў выдаліць леверкузенца з поля, каб не павысіць градус прынцыповага паядынку, якому дадатковае напружанне не было патрэбнае. Большасцю гладбахцы скарысталіся ўжо праз чатыры хвіліны, Херман прабіў Лена. Аднак усё сапсаваў гаспадарам Шурле. Андрэа забіў мяч на 87-й хвіліне і зрабіў апошні акорд – 2:2!

“Штутгарт” у матчы з “Хофенхаймам” ачкоў не згубіў. Акадзакі на старце другой паловы адкрыў лік, а потым Паграбняк забіў з пенальці за фол супраць сябе самога. 2:0.

Харвацкі ўдарны форвард “Вольфсбурга” Манджукіч стаў цэнтральнай асобай гульні з “Нюрнбэргам”. На 24-й хвіліне ён вывеў “ваўкоў” наперад, а на 83-й з пенальці прынес перамогу сваёй камандзе, справа ў тым, што паміж двума галамі хорвата змясціўся мяч Айглера. 2:1 на карысць “Вольфсбурга”.

Калі “Шальке-04” здабывае перамогу, адразу фанаты клуба пачынаюць баяцца за наступны паядынак – быць прыхільнікам гэтай каманды – нялёгкі ўдзел. Таму не будзем здзіўляцца паразе гельзенкірхенцаў ад “Кайзерслаўтэрна”. Хай нават яна адбылася ў самым Гельзенкірхене. У першым тайме з поля быў выдалены брамнік “Шальке” Фэрман за фол апошняй надзеі. Ціферт з пенальці не прамахнуўся – ён развёў Унэрстала, які выйшаў у “рамку”, і мяч па розных кутах. У другім тайме бліскучым ударам вызначыўся Джонс, каторы з’явіўся на поле толькі на 46-й хвіліне. На жаль для прыхільнікаў “кобальтавых” мяч пайшоў вышэй за вароты. На 62-й хвіліне Родні за фол апошняй назеі быў выдалены ў “Кайзерслаўтэрна” – падобны момант з Фэрманам. Родні заваліў у штрафной Хурада, але з “кропкі” біў Хунтэлаар. Удар галандца быў дакладным – 1:1! Але Куэмаа на 72-й хвіліне дакладна прабіў галавой – 1:2 і “чэрці” “падсмажваюць” гаспадароў.

Сканчаўся тур у нядзелю, калі “Кёльн” гуляў супраць “Гановэра”, а “Фрайбург” сустракаўся з “Гамбургам”. У матчы “Гамбургам” кіраваў спартовы дырэктар Франк Арнэсэн, але ўжо з панядзелку галоўным трэнерам становіцца Торстэн Фінк – чалавек, які за сваю футбольную кар’еру правёў паўтары сотні матчаў за мюнхенскую “Баварыю” і пакінуў свой след у гісторыі клуба. Цяпер дзеля “Гамбурга” Фінк растаўся са швейцарскім “Базэлем”. “Гамбург” першым выйшаў наперад, калі Сон дацягнуўся да навесу Брумы. На першых секундах другой паловы Сісэ зраўняў лік, але гол Ілічавіча з перадачы Тэрэ прынес перамогу “Гамбургу”. Гэтай перамогі магло і не быць, але Сісэ прабіў міма варотаў з пенальці.

“Кёльн” перамог. Бліскуча праявіў сябе Лукаш Падольскі. Спачатку ён забіў шыкоўны гол са штрафнога, а ў канцы матчу падвоіў лік. 2:0! Для “Гановэра-96” гэта адчувальная параза, каманда не радуе стабільнасцю.

“Баварыя” ўзначальвае табліцу маючы 22 ачкі, у мёнхенгладбахскай “Барусіі” 17, па 16 ачкоў маюць “Барусія” Дортмунд, “Штутгарт” і “Вэрдэр”. “Аўгсбург”, “Гамбург” і “Фрайбург” дружным калектывам замыкаюць табліцу, ва ўсіх па 7 ачкоў.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY