Спорт Беларуси



Футбол. Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 8-га туру: “Гамбург” зноў прайграе

Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Октябрь 4, 2011 10:29

“Штутгарт” у мінулым туры стаў першай камандай, што саступіла “Гамбургу”. Тым не менш, у новым туры ўсё было іначай. Выезд да “Кайзерслаўтэрна” прынес камандзе Бруна Лабадыі тры ачкі.  На першых хвілінах Павел Паграбняк, які ўпершыню выйшаў на поле са стартавых хвілін паспеў сур’ёзна паспрачацца з кімсьці з абаронцаў “чарцей”, дзякуючы арбітру эмоцыі атрымалася ўрэгуляваць. Добрую магчымасць пасля розыгрышу вуглавога меў Акадзакі – японец прабіў з лініі штрафной, але ўдар не стаў дакладным. Потым Ціферт мог забіваць, але Ульрайх нагой адбіў мяч – першы годны шанц у “Кайзерслаўтэрна”. Булахруз галавой ледзь не закінуў мяч у вароты гаспадароў. На пачатку другога тайму якраз Халід асіставаў Какау, да бразільца на пачатку мяч не дайшоў, але Трап згуляў няўпэўнена і Какау дабіў мяч у сетку – 0:1! Пасля прапушчанага голу “чэрці” мелі магчымасць намаганнямі Ціферта зраўняць лік, але капітану зноў зашкодзіў Ульрайх. Булахруз з дапамогай рыкашэту падвоіў лік і ўсё стала зразумелым. Дасціпныя журналісты падлічылі, што Булахруз не забіваў шэсць з паловай гадоў! Сярод падапечных Курца моманты былі ў Шэхтэра, але ізраільскі страйкер забіць не змог ува многім праз сваю павольнасць.

“Баварыя” апошнім часам выйшла на выдатны графік набору ачкоў, але ўсё ж згубіла балы ў гульні з “Хофенхаймам”. Перамога над “Манчэстэр Сіці” ў еўракубку раслабіла мюнхенцаў. Мануэль Ноер не тое каб творыць цуды ў варотах, але ж неяк удаецца яму ўжо адзінаццаць матчаў запар трымаць на замку сваю воласць! Больш за тысячу хвілін цяпер складае ягоная сухая серыя. Кіпер “Хофенхайма” Штарке не можа хвастацца такімі дасягненнямі, але і ён можа ганарыцца сваёй гульнёй – не прапусціць ад “Баварыі” рэдка ўдаецца нават “докам” гульні паміж дзвюма штангамі. Ля варотаў Ноера былі эпізоды ў Бабела, Фірміна, аднак яны нічым не скончыліся. “Хофенхайм” выглядаў няблага і ўсё ж нічыя 0:0.

Дортмундская “Барусія” тыднем прайграла “Марсэлю” ў Лізе чэмпіёнаў з прыніжальнымі лічбамі – 0:3! Таму выпраўляць рэпутацыю “жоўта-чорныя” сталі на сустрэчы супраць “Аўгсбурга”. Хэт-трык Левандоўскі і мяч Гетцэ прынеслі разгромную перамогу 4:0! Прычым у “Аўгсбурга” былі некаторыя шанцы, у прыватнасці, Санко не здолеў прабіць Вайдэнфелера з 11-метровага. У цэлым, “Барусія” правяла выдатны матч і мела поўную перавагу.

“Вольфсбург” нічога путнага не прапанаваў “Баеру-04”. Леверкузенцы ў родных сценах разарвалі “ваўкоў”. На тыдні “аптэкары” выступілі значна лепш за чэмпіёнаў з Дортмунда і перамаглі бельгійскі “Генк” 2:0. У “Вольфсбурга” кураж злавіў Бэналья, швейцарац на першых хвілінах двойчы ратаваў пасля небяспечных удараў. Але ён нічым не дапамог пры хуткай атацы “Баера”. Яна быццам і была пазіцыйнай, але справіліся леверкузенцы ўсяго за шэсць дакладных перадач, сярод якіх усе былі праз цэнтральную зону і толькі адзін пас быў зроблены крыху назад. Гансала Кастра без праблем перагуляў Бэналья у бліжнім баі, выбег на востры вугал і прабіў па варотах – 1:0! Меў магчымасць забіць Міхаэль Балак, але капітан гэтага так і не зрабіў, затое Манджукіч у другім тайме высока скокнуў па-над галавой Тапрака і прашыў сетку – 1:1. Ну а пасля быў цудоўны гол Эрэна Дзердзіёка! Эрэн прыняў мяч на ход у штрафной, падвесіў яго, павярнуўся на 180 і прабіў цераз сябе – без сумневаў, самы прыгожы мяч тура! На 85-й хвіліне Кіслінг апярэдзіў саперніка і адправіў трэці мяч у сетку чужых варотаў – 3:1! Напрыканцы абарона “Вольфсбурга” правалілася чарговы раз і Кіслінг ледзьве не зрабіў дубль – штанга.

“Нюрнбэрг” і “Майнц” вырашылі пакалаціцца дашчэнту. Фойльнэр і Мак забілі два хуткія мячы – 2:0 на карысць “Нюрнбэрга”. Аднак Бунгерт і Чупа-Моцінг паспелі да канца тайму выправіць сітуацыю – 2:2. На старце другога Іваншытц вывеў “Майнц” наперад, але гол Пекгарта прывёў матч у нічыю – 3:3.

“Фрайбург” падалей сышоў ад зоны вылету, бо перамог “Барусію” з Мёнхенгладбаха. Адзіны мяч у фрайбуржцаў правёў Флум. Антон Пуціла згуляў усе 90 хвілін.

Абдэлаўэ не прызнае цяпер ніякіх аўтарытэтаў. Ён сам стаў ім. А набываў “Гановэр” Абдэлаўэ за 1,5 мільёны еўра! Цяпер мараканец з нарвежскім пашпартам ацэньваецца на вядомым transfermarkt.de у 5,5 мільёнаў! І гэта яшчэ не канец! У Лізе Еўропы ягоная самаадданая гульня дазволіла выйграць у “Ворсклы”, цяпер жа “Гановэр-96” святкаваў перамогу над “Вэрдэрам”. Хэт-трык натуралізаванага нарвежца, у брэменцаў забівалі Арнаутавіч і Пісарра. 3:2.  Арнаутавіча выдалілі з поля на 78-й хвіліне за грубую гульню супраць Пінту.

“Гамбург” пасля першай у сезоне перамогі саступіў “Шальке”. На 13-й хвіліне Хунтэлаар галавой адкрыў лік, а Петрыч на 34-й таксама галавой зраўняў. Перамогу гельзенкірхенцам прынес усё той жа Хунтэлаар, удар якога не змог адбіць Дробны на 74-й. “Гамбург” пакуль узначальвае Радольфа Кадоза, а трэнерам “Шальке” афіцыйна стаў Хууб Стэвенс.

“Герта” прыгожа разабралася з “Кёльнам”. Першы гол быў забіты пасля бліскучага праходу Бэн-Хаціра. Той абагнуў сваіх сапернікаў і выдаў перадачу на Ласогу, якому заставалася толькі пнуць мяч за лінію – 1:0! Другі гол быў забіты пасля навесу Бэн-Хаціра з той жа самай кропкі на поле – Ласога і тут забіў – 2:0! Светлавалосы форвард робіцца адной з найбольш адметных постацяў у Бундэслізе. Трэці мяч кёльнцы атрымалі ад Рафаэля, які добра адгукнуўся на перадачу са штрафнога. Бэн-Хаціра ледзь не стаў асістэнтам у трэці раз – Рафаэль крыху не дацягнуўся да ягонай верхавой перадачы. У другой палове гульні мала што змянілася, атакі “Герты” па-ранейшаму накатваліся на вароты “казлоў”. 3:0 – перамога без варыянтаў.

Такім чынам, табліцу ўзначальвае “Баварыя”, у якой 19 ачкоў. Па 16 маюць “Вэрдэр” і “Барусія” з Мёнхенгладбаха. Абодва праследвальнікі баварцаў пацярпелі ў 8-м туры другія паразы ў сезоне. “Шальке” і “Гановэр” наадварот, перамаглі і маюць па 15 ачкоў, падпіраючы тройку.

“Фрайбург” пакінуў апошні радок і мае 7 балаў, у “Кайзерслаўтэрна” іх 5, “Аўгсбург” і “Гамбург” набралі па 4 ачкі.

Пасля перапынку звернем увагу на падзеі ў Бундэслізе 2. Там адбыўся 10 тур. Першае месца ўтрымлівае “Гройтэр Фюрт”, у якога 23 ачкі. 22 у “Айнтрахта” з Франкфурта-на-Майне, столькі ж у “Санкт-Паўлі”. “Фартуна” з Дзюсельдорфу мае 21 бал. Ніз табліцы акупавалі спрэс каманды, якія зусім нядаўна прадстаўлялі першую Бундэслігу. “Дуйсбург” і “Ганза” (Ростак) набралі па 6 ачкоў, у “Алеманіі” толькі 4.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY