Футбол. Агляд 6-га туру Серыі А: “Юве” утрымлівае лідэрства
Автор:Яраслаў Лыскавец; Источник: Спорт Беларусi, Октябрь 3, 2011 21:58
Да матчаў у суботу і нядзелю італьянскі чэмпіянат падыходзіў у вельмі цікавым стане. Першы радок турнірнай табліцы утрымлівалі “Юве” і “Удынэзэ”, прычым лідэрства чорна-белых пасля апошніх сезонаў можна было назваць калі не сенсацыяй, то як мінімум не самым прадказальным фактам. Акрамя таго, унізе размяшчаліся міланскія гранды, якіх да пачатку сезона называлі галоўнымі прэтэндэнтамі на Скудэта. Трэба заўважыць, што пасля выходных такая растаноўка не змянілася.
Распачыналі тур у суботу “Рома” і “Аталанта”. Знамянальным тут стаў дэбютны гол Бояна Кркіча, перайшоўшага з “Барселоны” у стан рымлян гэтым летам. Дарэчы, першым ён быў і па ходзе матча: іспанскі серб распячатаў вароты “Аталанты” пасля перадачы Дэ Росі ўжо на 20-й хвіліне. Праз 11 хвілін адрыўпавялічыў Асвальда, які ўжо мог адзначыцца раней. Пасля розыгрышу корнэра мяч адскочыў да аргентынскага форварда, і той не памыліўся. Нядоўга прыйшлося чакаць і трэцяга голу: у самым пачатку другого тайму забіў Герман Дэніс, які выкарыстаў сваю здольнасць добра гуляць у паветры. Увогуле, “Рома” валадарыла мячом, і гэты гол “бергамаскаў” быў не зусім заканамерным. Падцверджаннем таму стаў удар Фабіа Сімплісіа, які завяршыў ланцуг няўдалых спроб “джаларосі” дабіць “каралей правінцыялаў”. За 10 хвілін да завяршэння сустрэчы ён прарваўся ў штрафную пляцоўку і перакінуў кіпера “Аталанты”, які выйшаў яму насустрач. 3:1, і “Рома” паціху ўзбіраецца на больш прывычныя для сябе месцы – зараз гэта шосты радок табліцы.
Вечарам таго ж дня на “Сан Сіра” вырашалі свае адносіны мясцовы “Інтэр”, які пасля прыходу на трэнерскі мосцік Клаўдзіа Раньеры пачаў перамагаць, і паўсталы з попелу “Напалі”. Прычым апошнія ехалі ў Мілан у якасці фаварытаў, хоць і не мелі ў сваім складзе асноўнай ударнай сілы — бамбардзіра Эдынсана Кавані. Ад “нэразурры” чакалі хутчэй цуда і ўпавалі на геніяльнасць новага галоўнага трэнера. Матч пачаўся даволі роўна, момантаў у каманд амаль не было, абедзьве быццам бы пабойваліся ісці ў атаку. Можна ўзгадаць толькі незалічаны гол Пацыні, які заскочыў у афсайд. Феерыя пачалася толькі пад самы канец першага тайму, часткова намаганнямі галоўнага арбітра сустрэчы — Джанлука Рокі. На 41-й хвіліне Жаэль Абі штурхануў у спіну Крысціяна Маджа і атрымаў другую жоўтую картку. Адбылося гэта ў штрафной ці не — пытанне веку, на паўторы бачна, што гулец “Інтэра” пачынае фаліць яшчэ да яе, а вось падзенне адбываецца ўжо за белай лініяй. Спадар Рокі ж не пабаяўся наклікаць на сябе гнеў мясцовых заўзятараў і, акрамя чырвонай карткі Абі, паказаў на “кропку”. З гэтага моманту беды на “нэразурры” пасыпаліся як з вядра. Спачатку Кампаньяра дабіў мяч у вароты, калі Сэзар здолеў-такі адбіць той-самы злашчасны пенальці, потым Маджа павялічыў адрыў, а завяршылася міланская фіеста толькі голам Хамшыка на 75-ай хвіліне. 0:3, і Раньеры з Массіма Мараці жаляцца на дрэннае судзейства са свайго 17-га радка табліцы, а напалітанцы ўздымаюцца на пачэснае трэцяе месца.
Раніца нядзелі не несла ў сабе амаль ніякіх сенсацый, фаварыты — перамагалі, аўтсайдэры — прайгравалі. Можна выдзеліць толькі дзве гульні. У першай “Лацыа” наведваў Фларэнцыю і адзначыўся там працоўным камбэкам. “Фьёрэнціна” павяла ў ліку у самым дэбюце сустрэчы намаганнямі Чэрчы. Рымляне ўключылі прэсінг і падапечным Сінішы Міхайлавіча прыйшлося несалодка. Зраўняў лік адзін з лідэраў “арлоў” Эрнанэс. Той накруціў абаронцаў “віолы” на левым фланзе і трапна прабіў у дальні кут. Толькі на 83-й хвіліне рымляне здолелі нарэшце выйсці наперад: ударам галавой забіў адзін з зорных навічкоў каманды Міраслаў Клозэ. Такім чынам, “лацыале” узняліся на 7 радок, абыйшоўшы пры гэтым сваіх прамых канкурэнтаў з сэрца Эпохі Адраджэння. Больш заканамернай, але вельмі важнай у турнірным плане была сустрэча “Удынэзэ” і “Балоньі” на стадыёне “Фрыўлі”. Госці атрымалі два галы ў свае вароты, аўтарамі сталі Бенація і Ды Натале, які рэалізаваў пенальці. З дапамогай гэтых двух галоў “зебры” выйшлі на часовае першае месца.
Ці будзе гэтае месца “чыстым”, вырашала супрацьстаянне, якое арганізатары пакінулі на дэсерт. “Ювентус” упершыню прымаў на новым стадыёне чэмпіёна Італіі — “Мілан”. “Расанэры” ад самага пачатку сезона гулялі вельмі странна і да 6-ага тура набралі толькі 5 пунктаў. Цешыла самалюбства міланскіх заўзятараў толькі вяртанне пасля траўмы галоўнага страйкера — Златана Ібрагімавіча, якога мясцовыя трыбуны асвіствалі пры кожным дакранні да мяча. “Юве” пры гэтым паўстаў вельмі моцнай і сыгранай камандай, здаецца, што кіраўнікі клуба знайшлі нестаючую дэталь, якой не хапала “б’янканэры” на працягу двух гадоў. Андрэа Пірла вельмі добра ўпісаўся у стыль гульні турынцаў і заняў пачэснае месца ў стартавым складзе. Актыўней сустрэчу пачалі гаспадары і статус гэты не аддалі да самага канца гульні. Аб’яці выцягваў ўсё, што мог, Вучыніч трапіў у перыкладзіну, не хапала самай маласці, каб нарэшце распячатаць вароты “Мілана”, але час ішоў, мінула першая палова, большая частка другой, а лік усё стаяў на месцы.
“Расанэры” увогуле не стварылі амаль ніводнага сапраўднага моманту і чакалі невядома чаго. Дачакаліся. За пяць хвілін да канца асноўнага часу гульцы “Юве” раскаталі двайную “сценку” і, нарэшце, адкрылі лік. Зрабіў гэта Клаўдзіа Маркізіа, якога без сумневу можна назваць лепшым гульцом сустрэчы. “Мілану” няблага было б пабегчы адыгрывацца, але і гэтага не атрымалася: Кевін-Прынс Баатэнг на роўным месцы адхваціў другую жоўтую картку і разбурыў усе спадзяванні міланцаў на хаця б нічыю. Больш таго, Маркізіа адзначыўся яшчэ раз. На гэты раз з дапамогай кіпера “Мілана” Аб’яці. Той не утрымаў у руках дальні удар Клаўдзіа і дапамог “Юве” зарабіць большы адрыў, ліквідаваць які за апошнія тры хвіліны апынулася немагчымым. “Юве” перамагае дома і займае першае месца ў Серыі А. Столькі ж пунктаў (11) і ў “Удынэзэ”, але турынцы лідзіруюць праз розніцу забітых і прапушчаных. “Мілан” жа апускаецца на 15-ы радок, і атрымлівае багатую ежу для думак.
© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна
Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT
Онлайн предоставлен Livescore
Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Комментарии 0
Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.