Спорт Беларуси



Чэмпіянат Нямеччыны. 2 тур. Злы геній Дортмунда

Автор:; Источник: Спорт Беларуси, Август 16, 2011 1:14

У другім туры не было матчаў-прэлюдый, адкрывалі гульнявы дзень адразу 6 паядынкаў.

Хасан Саліхаміджыч толькі прыехаў у Вольфсбург, і вось туды ж прыехаў клуб, які даў баснійцу ўсё ў футбольнай кар’еры – мюнхенская “Баварыя”. Паўабаронца “ваўкоў” правёў на полі 89 хвілін супраць былой каманды. А “Вольфсбург”, магчыма, будзе падаваць апеляцыю на дужа спрэчнае рашэнне суддзі скасаваць гол Хельмеса на 43-й хвіліне. Патрык забіў чыста, аднак рэферы дзесьці ўгледзеў афсайд. Атака “Баварыі” была даволі бездапаможнай, адбівалася на ёй адсутнасць з-за траўмы Рабэна, Мюлер зусім не паказваў свайго патэнцыялу, набыты ў міжсезонні японец Усамі застрашае прыхільнікаў “Баварыі” тым, што ён лёгка можа апынуцца проста камерцыйным крокам мюнхенскага суперклуба і зусім ніякім не талентам з Дальняга Усходу. Пры ўсім гэтым “Баварыя” здолела перамагчы – на 90+1-й хвіліне Оліч аддаў перадачу з фланга на Рыберы, француз адкаціў на Луіса Густава, а той засмуціў Беналья. Дарэчы, паводле чутак, у Вольфсбург у хуткім часе можа прыехаць Альбэрта Джылардзіна.

У мінулым трыўмфальным сезоне дортмундская “Барусія” перамагла 16 са сваіх 17-і сапернікаў па чэмпіянату. Адзінай камандай, якую дортмундцы не выйгралі, застаўся “Хафенхайм”. “Традыцыя” мае працяг. “Барусія” хоць і атакавала бясконца, забіць так і не змагла. Ніяк не зарэкамендаваў сябе харвацкі навічок “жоўта-чорных” Перышыч, які быў куплены ў бяльгійскага “Бруге”. А “Хафенхайм” перамог дзякуючы голу Сеяда Саліхавіча са штрафнога. Вайдэнфелер быў не ў сіле спыніць мяч, запушчаны з 33 метраў – 0:1! Дарэчы, гэта ўжо 7 гол Саліхавіча ў Бундэслізе, які забіты са штрафнога ўдару. Сярод футбалістаў, якія да гэтае пары выступаюць на палях Бундэслігі, часцей поспеху з гэтага стандарту дабіваўся толькі бразілец Дыега.

“Кёльн” прайграе, да таго ж зноў з разгромам. У гасцявым матчы з “Шальке-04” “казлы” першыя забілі пасля ўдару Падольскі, але затым прапусцілі ў свае вароты 5 галоў! Хэт-трыкам у гельзенкірхенцаў “распісаўся” на табло Хунтэлаар. Варта зацеміць, што галандзец упершыню ў нямецкім чэмпіянаце забіў за 90 хвілін болей, чым адзін мяч, прычым адразу тры! Таксама забівалі Холтбі і Рауль. Тым не менш, кіраўніцтва “Шальке” жадае набыць у “Інтэра” македонца Пандзева. Значыць, атаку сваю яны лічаць нестабільнай. І, напэўна, падвяргаць іх крытыцы мы не будзем. “Кёльн” апошні раз замыкаў табліцу пасля 12-га туру мінулага сезону. Для трэнера “Шальке” Рангніка гэтая вікторыя ўжо 100-я ў якасці трэнера Бундэслігі, першая была ў траўні 1999 году, калі “Штутгарт”, які ўзначальваў тады Рангнік, перамог “Фрайбург” 3:1.

Дзве каманды, што правялі няўпэўненыя матчы ў першым туры, “Гамбург” і “Герта”, падаравалі гледачам прыгожы футбол. Але пакінулі пытанні да сваёй тактыкі. “Гамбург” два разы выходзіў наперад пасля галоў Петрыча з пенальці і Сона, а берлінцы два разы даганялі  – выніковыя стрэлы Торуна і Міятавіча. Прычым апошні правёў гол за дзве хвіліны да канца. 2:2.

“Гановэр-96” здзейсніў бліцкрыт у гульні супраць “Нюрнбэрга”. Абдэлаўэ і Раўш з пенальці з невялікім прамежкам забілі па голе, а франконцы адыгралі толькі гол намаганнямі Пекгарта.

“Майнц” у гасцях выйграў у “Фрайбурга”. Рысэ і Чупа-Моцінг забівалі ў “карнавальшчыкаў”, у “Фрайбурга” адзначыцца змог толькі Сісэ, і тое, мяч быў забіты толькі на 90+1-й хвіліне, калі ў зыходзе ніхто не меў сумневаў.

“Барусія” з Мёнхенгладбаха адкрыла лік у матчы са “Штутгартам” у сярэдзіне другога тайму. Квіст зваліў Ройса ў штрафной, пенальці рэалізаваў Даэмс – 1:0! Тут жа Гентнэр аддаў пас на Какау, а бразілец, які правёў 250 матч у Бундэслізе, забіў. Капітан швабаў, між іншым. А яшчэ і ў першым туры забіваў! Потым у “Барусіі” за другую жоўтую картку быў выдалены Брувэрс, але “Штутгарт” выкарыстаць перавагу ў колькасці не паспеў. 1:1 – заканамерная нічыя.

“Кайзерслаўтэрн” згуляў унічыю з “Аўгсбургам”. У першым тайме лепей выглядалі гульцы “Аўгсбурга”, яны і вызначыліся на 9-й хвіліне, забіў Мэльдэрс, як і ў першым туры. У другім тайме перавага была ўжо на баку “чарцей”, якія, зрэшты, скарысталіся ёй толькі аднойчы – на 80-й хвіліне ізраільцянін Ітай Шэхтэр добра апрацаваў мяч і засмуціў Енцша – 1:1. Пасля таго і тыя, і другія маглі забіваць. Напрыклад, Гогія толькі выйшаў на поле, як атрымаў магчымасць прабіць небяспечны штрафны па варотах Трапа. Удар прыняла на сябе крыжавіна. “Чэрці” маглі б згуляць і лепей. А Ёс Лухукай павінен быць задаволены падапечнымі – “Аўгсбург” распачаў сезон з дзвюх нічыіх.

“Баер” арандаваў у “Штутгарта” юнага брамніка Лена. “Распакаваць” 19-гадовага кіпера “Вэрдэр” мог не аднойчы, напрыклад, Папастатопулас аддаваў бліскучую перадачу на Ці, а той з лічаных крокаў да варотаў запуліў мяч проста ў нябёсы. “Баер” сваім шанцам скарыстаўся, перамогу яму прынёс Кадлец, які трапна прабіў, атрымаўшы пас ад Рольфеса. Лена так і застаўся “сухім”.

Цікавы факт: за два туры мы так і не пабачылі ў нямецкім чэмпіянаце нічыіх з лікам 0:0. “Майнц-05” і “Гановэр-96” маюць 6 ачкоў з 6. А вось у “Кёльна” пакуль пустая скарбонка. Наступны тур рыхтуе нам “нейтральныя” матчы, дзе не чакаецца навальніцы эмоцый. Адноснае выключэнне складаюць матчы “Баварыі” з “Гамбургам” і “Штутгарта” з “Баерам”. Але агаворка ў дадзеным выпадку надта вялікая. Гэта прынцыповыя матчы толькі зыходзячы з тытулаў каманд, ані “Гамбург”, ані “Штутгарт” у гэтым чэмпіянаце ды ўвогуле апошнімі сезонамі не дэманструюць лідарскіх вынікаў. Гэта лідары мінулага, а для сучаснасці гэта не мае ніякіх адносінаў.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей


Беларусь-лента / 12 Ноябрь 2012 16:00

© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

маникюрный инструмент оптом

Онлайн предоставлен Livescore

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY