Спорт Беларуси



Чэмпіянат Нямеччыны. 1 тур

Автор:; Источник: Спорт Беларуси, Август 12, 2011 17:37

Адным з першых сярод вядучых чэмпіянатаў у Еўропе стартаваў нямецкі. Яго чакалі, як і ўсе папярэднія. Зрэшты, звышдарагіх і гучных трансфераў не адбылося. Хіба што можна аднесці да такіх пераход Мануэля Ноера з “Шальке-04” у мюнхенскую “Баварыю” ды яшчэ пару-тройку пераходаў. А пачаўся сезон у Нямеччыне традыцыйным матчам за Суперкубак. Прычым гулялі ў ім клубы, што маюць ледзьве не самую сур’ёзную гісторыю супрацьстаянняў – цэлае Рурскае дэрбі паміж “Шальке-04” і дортмундскай “Барусіяй”! Пра стасункі паміж фанатамі абодвух клубаў няма чаго і казаць – нянавісць. Яшчэ пару сезонаў таму прыхільнікі “жоўта-чорных” святкавалі правал вечнага апанента на фінішы крыкамі “вам ніколі не стаць чэмпіёнамі!”. Мінулы сезон стаў яшчэ адным ударам для Гельзенкірхена. “Кобальтавыя” хоць і ўзялі Кубак краіны, вымушаныя былі назіраць за трыўмфам футбалістаў варожага клуба, якія святкавалі перамогу ў барацьбе за “срэбраную салатніцу”. Прага помсты магла быць спатоленая ўжо ў першым матчы сезона. І помста была здзейсненая. Нічыя 0:0 у асноўны час і перамога па пенальці. Хоць так, але “Шальке” перамагае!

У Дортмундзе ўсе рыхтуюцца да старту ў Лізе чэмпіёнаў, а таму не хаваюць, што галоўная мэта клуба ў чэмпіянаце – трапіць у прызёры. Ніхто, акрамя адданых ультрас, не патрабуе ад “Барусіі” неадкладнай абароны тытулу, зразумела, што зрабіць гэта будзе цяжка. Тым не менш, да абароны сваіх медалёў найвышэйшай спробы “Барусія” прыступіла ўдала. У першым туры сапернікам чэмпіёнаў быў “Гамбург” – адзіны клуб, які ніколі не развітваўся з вышэйшым дывізіёнам Бундэслігі. Так што “Чырвонаштаннікі” адкрылі ўжо 49 сезон – больш за ўсіх. Састаў “Барусіі” амаль не змяніўся за лета, у “Гамбургу” адбыліся больш сур’ёзныя змены. Перад выхадам каманд на поле тысячы папяровых “салатніц” запоўнілі трыбуны “Вэстфаленштадыёна”. Паспела жоўта-чорнае мора яшчэ і пакрытыкаваць Нямецкі футбольны саюз. Пасля шоў, якое зладзілі перад матчам, на трыбунах з’явіўся гнеўны надпіс дортмундцаў: “Нямецкі футбольны саюз любіць шоў, мы любім футбол”. Дортмундцы рана адкрылі лік – ужо на 17-ай хвіліне Гроскройц забівае. Самы малады чэмпіён за ўсю гісторыю Бундэслігі працягнуў свае атакі і да перапынку вызначыўся яшчэ раз. Зноў забівае малады лідар – гэтым разам Гетцэ. Атакуючы патэнцыял “HSV” якраз і застаўся толькі патэнцыялам. Плюс да ўсяго пашкоджанне атрымаў Герэра. “Барусія” на пачатку другой паловы забіла яшчэ раз – зноў фігурантамі былі адны і тыя ж людзі. Левандоўскі, Гроскройц і Гетцэ. Калі б у Нямеччыне існавала практыка, як у хакейных лігах, вызначаць зорак матчу – лепшымі былі б гэтыя тры футбалісты. Гроскройц аформіў дубль. “Гамбург” хапіла толькі на мяч прэстыжу – 3:1.

А вось у “Шальке-04” у чэмпіянаце, як і заўсёды, усё не так, як трэба. Гасцявы матч у Штутгарце, дзе якраз рэканструявалі арэну, пераўтварыўшы яе на чыста футбольную, скончыўся для гельзенкірхенцаў паразай. Адкрыў лік на 37-ай хвіліне форвард “Штутгарта” Какау. У другім тайме Харнік і Акадзакі яшчэ двойчы паражалі чужыя вароты – 3:0! Адзіным гульцом, да якога ў трэнерскага штаба “Шальке” не можа быць прэтэнзій – брамнік Фэрман. Нягледзячы на тры “прабоіны”, Ральф Фэрман адстаяў вельмі ўпэўнена, як і ў матчы на Суперкубак. Цяпер у Гельзенкірхене не шкадуюць пра продаж скандаліста Ноера. А хтосьці нават называе маладога кіпера больш таленавітым за Мануэля.

У Ноера дэбют у афіцыйных матчах за “Баварыю” не атрымаўся. Больш за тое, сам брамнік нацыянальнай зборнай прызнаў сваю віну ў пройгрышы “Барусіі” з Мёнхенгладбаха. Нечужы клуб для “новага старога” трэнера “Баварыі” Юпа Хайнкеса здолеў звезці з Мюнхена тры ачкі. Лепшы бамбардзір “Барусіі” за ўсю гісторыю, Хайнкес выпусціў на поле навічкоў “Баварыі” – Ноера, Баатэнга і Рафінью. Усе футбалісты гуляюць у абароне, а таму менавіта гэтая лінія менш за ўсіх ведала, як узаемадзейнічаць паміж сабою. Хайнкес вырашыў, што навічкі “Баварыі” лепш разбяруцца з яго паслядоўнікамі з лініі атакі “Барусіі”, а таму рашыўся на такі смелы крок. Але дарэмна. Дзе тонка было, там і парвалася. Менавіта з-за таго, што Баатэнг не змог разабрацца з Ноерам, каму што рабіць, гладбахцы адкрылі лік – памылку візаві выкарыстаў Дэ Камарга. Гэты гол так і застаўся адзіным, хоць у мюнхенцаў Гомэса і Рабэна былі неблагія моманты. “Баварыя”, якую паводле традыцыі называюць асноўным фаварытам першынства, стартуе пройгрышам.

“Вэрдэр”, таксама як і “Баварыя”, выйшаў на стартавы матч са змененай абаронай. Са стартавага квартэту бэкаў Папастатопулас, Шміц і Вольф прыйшлі ў каманду ў міжсезонне і толькі Мэртэзакер гуляе ў лагеры “Музыкаў” даўно. Дарэчы, пасля пераезду Торстэна Фрынгса ў канадскі “Таронта” капітанская павязка дасталася якраз Мэртэзакеру. У адрозненне ад мюнхенскага суперклуба абарона “Вэрдэра” свой першы афіцыйны матч у новым саставе правяла добра, а брэменцы дабіліся поспеху пасля двух дакладных стрэлаў шведа Розэнбэрга. Гэта заканчэнне бязвыйгрышнай серыі, згодна з каторай “Вэрдэр” не перамагаў у першым матчы сезона ўжо чатыры гады.

“Гановэр-96” у сваім матчы з “Хафенхаймам” не мог разлічваць на штатнага бамбардзіра Конана Я, затое іншыя нападнікі клуба не падвялі Мірка Сломку – і Шлаўдраф, і Абдэлаўэ забівалі галы. Першым вызначыўся Шлаўдраф, зусім хутка з пенальці Саліхавіч зраўняў лік, але мяч Абдэлаўэ з адзінаццаціметровага прынёс перамогу “96-м”.

“Вольфсбург” стартаваў з упэўненай перамогі на выездзе над “Кёльнам”. Дубль на рахунку Патрыка Хельмеса, яшчэ адзін мяч правёў Шэфер. Разгром. У гэтым матчы адбылося першае выдаленне чэмпіянату – зарана з поля пайшоў славенскі нападнік “Кёльна” Мілівое Навакавіч, выдалены на 79-й хвіліне. Але ўсё адно славенец з’яўляецца галоўнай надзеяй “казлоў”. Напэўна, большай за Падольскі. Хаця ніхто раней у яго не верыў. Форвард паблукаў па аўстрыйскіх клубах сярэдняй рукі, потым перайшоў у несамавіты балгарскі чэмпіянат у “Літэкс” з Ловеча, дзе стаў лепшым снайперам першынства. Пераход у “Кёльн” у 2006 быў успрыняты як пошук футбаліста, які зможа дапамагчы выцягнуць “казлоў” у першую Бундэслігу. Не болей за тое. Аднак высветлілася, што Мілівое можа забіваць і на болей высокім узроўні. Два сезоны ў другой Бундэслізе, тытул лепшага тамтэйшага бамбардзіра (20 галоў) на другі год, затым выхад у эліту. Цяпер жа, на “старасці гадоў”, славенец спраўна забівае і ў эліце нямецкага футболу. Дарэчы, 32-гадовы Навакавіч – самы эфектыўны  форвард Еўропы, ён забівае ў сярэднім пасля 2,47 удараў. Нават у Месі гэты паказчык ажно 3,7!

Скончым аповед пра антыгероя першага тура і надзею “Кёльна”, пяройдзем да матчу абсалютнага дэбютанта нямецкай эліты “Аўгсбурга”. “Аўгсбург” прымаў дома “Фрайбург” і двойчы саступаў па ходу гульні. Сісэ і Макіадзі забівалі ў “Фрайбурга”, але форвард гаспадароў Мельдэрс абодва разы адыгрываў адставанне. Антон Пуціла выйшаў на замену толькі на 83-й хвіліне замест аўтара голу Макіадзі.

“Герта” не паказала ў гульні з “Нюрнбэргам” нічога. Берлінцы правялі зусім слабы матч і прайгралі баварцам. Зрэшты, самі жыхары Нюрнбэрга ненавідзяць такі зварот да сябе і аддаюць перавагу назве “франконцы”, то бок любяць не зварот па назве федэральнай зямлі, а па назве больш вузкага рэгіёну – Франконіі. Самымі актыўнымі ў саставе “Нюрнбэрга” былі Фойльнэр і Мэндлер. Гол жа “чырвона-чорныя” правялі за дзесяць хвілін да канца, калі Хегелер перагуляў Франца і выдаў дакладную перадачу Пекгарту, той лёгка паразіў вароты – 0:1! Папраўдзе, і Дзітэру Хекінгу варта задумацца над будучыняй – у гульні “Нюрнбэрга” багата прагалаў у сярэдняй лініі, маюць яны праблемы і з іншымі пазіцыямі. Калі выправіць гульню на іх не атрымаецца, франконцы могуць адправіцца ў другую Бундэслігу да сваіх заклятых ворагаў з “Гройтэр Фюрт”. А “Герта” дакладна будзе змагацца да апошняга туру, каб не апынуцца зноў у кампаніі “добразычлівых землякоў” з “Уніёна”. Многае бачна па першым туры. Добра пачалі сезон толькі ультрас “Герты”, якія на выхад каманд на поле падрыхтавалі модульнае шоў на ўсю трыбуну за варотамі. Белыя і сінія палосы пад колеры клуба, цёмна-сіні сцяг у руцэ з літарай “Н”, што значыць “Hertha” (“Герта”) і тэкст паміж ярусамі трыбун: “Сіня-белая “Герта” ніколі не загіне”, што сімвалізуе адданасць фанатаў любімаму клубу ў любым дывізіёне.

Праблемы ўзніклі і ў леверкузенскага “Баера-04”. Яны паўсталі перад камандай яшчэ раней, калі леверкузенцы вялі 3:0 у матчы з дрэздэнскім “Дынама” у 1/32 фіналу  Кубка Нямеччыны. Тады дублёр Адлера ў варотах “Баера” Елдэл натварыў шмат памылак, як вынік – пройгрыш 3:4 і пралёт міма Кубка. Елдэла замянілі на Фабіяна Кіфера, аднак і той быў не без граху. На 32-й хвіліне матчу з “Майнцам” Кіфер аддаў занадта слабы пас на Кадлеца, у выніку мячом завалодаў Алагуі, змясціўся на край і прабіў – 1:0 на карысць “Майнца”. Затым Кіфер яшчэ і сутыкнуўся са сваім партнёрам і атрымаў страсенне мозга. Фабіян дагуляў да канца матчу, але потым трапіў да дактароў. Праз суткі Кіфер прызнаўся, што пасля сустрэчы ягоны стан рэзка пагоршыўся і ён не памятае ніякіх дэталяў матчу. Вось такія праблемы з брамнікамі ў Леверкузене. Невядома, што адчуваў Кіфер у гэтай гульні, але прапусціў ён пасля інцыдэнту яшчэ толькі аднойчы, калі Тапрак зрэзаў мяч у свае вароты. У астатніх эпізодах кіпер “аптэкараў” выглядаў малайцом. У атацы “Баер” не ствараў нічога вартае забітых галоў, набыты ў таго ж “Майнца” Шурле не адзначаўся вострымі момантамі ля варотаў былой каманды. 2:0 перамога “Майнца” – хоць нейкая кампенсацыя фанатам за правальны вылет ад румынскага “Газ-Метана” ў Лізе Еўропы.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY