Спорт Беларуси



Анонс фінала Лігі чэмпіёнаў 2010/11. Яшчэ адна футбольная вендэта?

Автор:; Источник: Спорт Беларуси, Май 28, 2011 14:10

Ці зможа хто-небудзь штосьці супрацьпаставіць сеннешняй “Барсе”? Адказ на гэтае пытанне мы атрымаем ўжо заўтра. Шанец стаць гэтым “кімсьці” выпаў лепшай камандзе Англіі “Манчэсцер Юнайтэд”. “Выпаў” – не самае лепшае слова, каманда Алекса Фергюсана з ганарліва паднятай галавой выйдзе заўтра на газон стадыёна “Уэмблі”. “Марсэль”, “Чэлсі” і “Шальке 04” схілілі свае галовы перад бравай дружынай з Манчэсцеру. Не самы просты (а, можа, і складанейшы) шлях выпаў “Барселоне”, Мессі і Ко адправілі да хаты “Арсенал”, “Шахцёр” (нажаль, не наш, а з украінскага Данецку) і, канешне, сваіх заклятых сяброў са сталіцы Іспаніі “Рэал”.
Абездзьве каманды ззяюць пазітывам і аптымізмам, але рамку не перагібаюць і ставяцца адзін да аднаго з павагай. Пэўна, гэта лепшае стаўленне адной вялікай каманды да другой. Сэр Алекс кажа пра “лепшы фінал Лігі за апошнія 10 гадоў”, спадар Гвардыёла адзначае толькі сваё спадзяванне, што такую “Барсу” фанаты запомняць на доўгія гады. Адзінае, што падагравае жарсці перад гэтай сустрэчай – магчымасць вендэты. Падобнай да помсты “Мілана” “Ліверпулю” ў сезоне 2006/07 за неверагодную паразу ў Стамбуле-2005. Паралелі ёсць, тут таксама ўсё адбываецца праз 2 гады пасля мінулай бітвы, таксама букмекерскія канторы прагназуюць перамогу мінулага трыўмфатара. Ці атрымаецца ў “МЮ” паўтарыць поспех расанэры чатырохгадовай даўніны? Паглядзім. Што б ні казалі букмекеры, згадзімся з трэнерам манкуніанцаў, шанцы ў такіх матчах у каманд заўжды роўныя. Можна толькі для агульнага развіцця аналізаваць і прагназаваць, чым мы зараз і зоймемся.

Чаму пераможцам стане “МЮ”?
1. Галоўны казыр ангельцаў, несумненна, – трэнер. Чвэрць стагоддзя “д’ябламі” кіруе шатландскі футбольны геній. Геній, па-іншаму не скажаш з той простай нагоды, што звычайны чалавек столькі ў руля такой каманды не пратрымаецца. Сэр Алекс трымаецца і больш, чым проста паспяхова. Глядзіце самі: самы тытулаваны трэнер брытанскага футболу, 12 чэмпіёнстваў у Прэм’ер-Лізе, 5 Кубкаў Англіі, двойчы пераможца і чатырохкратны ўдзельнік фіналаў Лігі чэмпіёнаў, клубны чэмпіён свету і яшчэ многа-многа хто. Наўрад ці можна знайсці нешта падобнае сёння ва ўсім еўрапейсім футболе. Вопыт, вопыт і яшчэ раз вопыт, у такіх супрацьстаяннях ён можа стаць вырашальным фактарам.
2. “Уэмблі”. Што можа быць прыемней, чым адпомсціць сваім даўнім крыўдзіцелям на адносна роднай пляцоўцы умяшчальнасцю 90 000 чалавек? Будзьце ўпэўненыя, стадыён заб’ецца пад завязку, і чуць мы будзем ў большай ступені менавіта англійскія песні, 12 гулец “Юнайтэд” забяспечаны.
3. Апошняя гульна Ван дэр Сара. Вялікі брамнік, а вельмі часта і апошні абаронца, для якога гэты фінал таксама будзе чацвёртым. І апошнім. Уявіце, як яму хочацца трыўмфу… Такога ж, які быў у яго пасля перамогі над “Міланам” ў 1995 годзе ў складзе “Аякса”. Тады маладому Эдвіну давялося няслаба папрацаваць, галандцы выстаялі, а потым нанеслі проста неверагодны ўдар у адказ. Вялікую ролю згуляў тады менавіта ён. І зараз усе атакі і ўдары “Барсы”, якіх у любым выпадку будзе нямала, зваляцца на ягоныя плечы. І менавіта заўтра 40-гадовы галандзец павінен будзе вытрываць, як і ў сваім першым фінале. Можна не сумнявацца, матывацыі яму хопіць. І калі раптам чэмпіёнам стане “МЮ”, менавіта Эдвін будзе адным з тых, хто ўздыме “вушасты кубак” над галавою.
4. Як вы лічыце, ці можа гулец, які з’явіўся ў клубе яшчэ ў 1985 годзе па сённяшні дзень высіупаць у ягоным складзе. Мы адкажам: можа! І не проста можа, а будзе адной з галоўных дзеючых асоб ў фінале Лігі чэмпіёнаў. Раян Гігз, калі ўлічваць моладзевую каманду, праводзіць у складзе “МЮ” 26-ы год. Не было яшчэ Фергюсана ў Манчэсцеры, а Гігз быў. Таму і трафеяў ў яго не намнога менш, чым у самога Фергі. Але сэнс не ў гэтым, а ў тым, што 37-гадовы паўабаронца ў гэтай ЛЧ даказаў, што камандзе без яго нікуды. Усе атакі будуюцца менавіта на ім, ды і ў абароне валіец адпрацоўвае ого-го. Калі Раян будзе ў настроі – сіне-гранатавым прыдзецца нясладка.
Увогуле, заўтрашні фінал стане такім імправізаваным развітннем “залатога пакалення” гульцоў “МЮ”. І хоць многія застаюцца яшчэ ў футболе і сыходзіць не збіраюцца, гэткі шанец развітацца выпадае не кожнаму. Такі дадатковы матыў будзе працаваць наслаба. Таму галоўныя казыры “МЮ”: вопыт, матываванасць і дамашняя гульня. Паглядзім, як “д’яблы” гэтым скарыстаюцца.

Чаму пераможцам стане “Барса”?
1. Месі. Вам трэба каментары? Пакіну вось што: 23 гады, двойчы пераможца ЛЧ, чатыры разы чэмпіён Іспаніі, уладальнік “Залатога мяча”, “Дыяментавага мяча”, лепшы гулец свету – 2010. У сезоне 2010/11: 31 гол у Ла Лізе, 11 у Лізе чэмпіёнаў, 6 у Кубку Іспаніі, 3 ў Суперкубку Іспаніі. Вынік: 51 гол у сезоне на клубным узроўні. А вам слабо?
2. Хаві. Да той жа кучы, што і Месі. Паспрабуйце знайсці лепшага плэймейкера, ды яшчэ і ў настолькі ідэальным узросце для сваёй пазіцыі – 31 год. Рэкарсмен па гульнях за “Барсу”, дзейнічаючы чэмпіён свету. Менавіта ён заўтра будзе выкладваць мячы на талерачках, хутчэй за ўсё, тройцы нападаючых блаўгранас.
3. Гвардыёла. Скажаце – ён супярэчыць з першым фактарам блоку “за “МЮ”? Не зусім. Успомніце фінал 2008/09 і ўсё зразумееце. Хасэп здольны на многае нават у свае гады. Кажучы вобразна, Пеп сапраўдны малады баец якога-небудзь атраду S.W.A.T., а такі набор выканаўцаў – суперсучасны і супермоцны арсенал у ягоных руках. Рука ў яго не задрыжыць дакладна, бо той, у каго яна не задрыжала падчас пяці “Эль Класіка” за сезон, пазбаўлены футбольных фобій.
4. Уладанне мячом. “Барса” робіць гэта проста неверагодна. Такая дэталь гульні ў супрацьстаянні з “МЮ” можа многае вырашыць. У сярэднім, сіне-гранатавыя валодаюць ключом да варотаў 73% гульнявога часу. Для “Юнайтэд”, які будзе спрабаваць забіць і забіць у асноўны час, такі момант можа стаць катастрофай. Бо без мяча забіць – рэч малаверагодная, толькі калі гульцы “Барсы” самі закоцяць яго ў сваю браму. Але наўрад ці яны гэтым зоймуцца ўвечары, максімум – на перадматчавай трэніроўцы.

Яшчэ адзін момант, які, спадзяемся, не згуляе ні на чыю карысць. Арбітрам сустрэчы назначаны венгр Віктор Кашшаі. “МЮ” ўжо давялося гуляць пад яго наглядам з “Валенсіяй”, а вось “Барса” сустрэнецца з ім у гэтым розыгрышы ўпершыню. Будзем верыць, што з выбарам УЕФА не прагадала.

Што ж, вось такія дэталі. Якія з іх згуляюць сваю ролю – убачым у суботу на стадыёне “Уэмблі” а 21:45 па Мінску. І, каб вы не сумавалі, прапануем успомніць галы мінулага фіналу паміж гэтымі дружынамі. Надыйшоў час вендэты. Ці не?..


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY