Спорт Беларуси



Футбол. Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 33 туру: у Мёнхенгладбаху вераць у выратаванне

Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларусі, Май 10, 2011 1:06

Перад турам сталі вядомыя і новыя трансферы, і пэўныя дэталі будучых пагадненняў. Так, дваццацігадовы паўабаронца “Нюрнбэрга” Ілкай Гюндаган збіраецца перайсці ў “Барусію”. Чэмпіёны даўно хочуць атрымаць гэтага футбаліста, а таму справа толькі за бюракратычнымі пытаннямі. А капітан франкфурцкага “Айнтрахта” Патрык Охс з вялікай верагоднасцю перайдзе ў “Вольфсбург”. Сума, з якой гатовы развітацца дзеля правага абаронцы “ваўкі”, раўняецца 3-м мільёнам еўра. Охс правёў за “Айнтрахт” 8 сезонаў, у якіх 197 разоў з’явіўся на поле і забіў 7 галоў. А харвацкі форвард “Кайзерслаўтэрна” Лакіч увогуле паспеў правесці міні-прэзентацыю ў рангу гульца таго ж “Вольфсбургу”. Цікава, што апошні матч “чарцей” быў якраз супраць гэтай каманды, і, болей за тое, Лакіч мог “дапамагчы” будучаму клубу выляцець з Бундэслігі!

І што яшчэ больш цікава – Лакіч сапраўды аддаўся да канца ў адной з апошніх гульняў за свой цяперашні клуб і сапсаваў настрой будучаму! Менавіта ягоны гол на 25-й хвіліне дазволіў ім зраўняць лік і адказаць на трапны стрэл Манджукіча. А пасля гэтага Амедык прынёс вікторыю “Кайзерслаўтэрну”.

Гладбахская “Барусія” атрымала 3-ю перамогу запар! Што творыцца цяпер у Мёнхенгладбаху, невядома, аднак там вераць у выратаванне клуба. Падапечныя Люсьена Фаўра перамаглі “Фрайбург” і зраўняліся па ачках з “Вольфсбургам”, які займае апошнюю “нявылетную” пазіцыю! На 66-й хвіліне фрайбуржцаў падвёў Топрак, які зарабіў другую жоўтую і адправіўся адпачываць. Гладбахцы скарысталіся гэтым – спачатку Ханке ўзгадаў свае лепшыя моманты, а потым Ройс прымусіў “Фрайбург” падпісаць капітуляцыю – 2:0. Зноў някепска ў браме “Барусіі” выглядаў тэр Штэген. У гэтага хлопца добрая будучыня, калі ўсё атрымаецца. Беларускі хаўбэк “Фрайбурга” Антон Пуціла правёў на полі 81 хвіліну і быў заменены. Гладбахцы прагнуць выратавання. Яшчэ некалькі тураў таму гэта выглядала бязглузда, а цяпер?

“Нюрнбэрг” усё падганяў лідэр каманды Гюндаган, але клуб адно саступіў “Хафенхайму”. Вольшайд забіў у гаспадароў, у “Хафенхайма” адзначыліся Фірміна і Сігурдсан. Прычым ісландзец прынес 3 ачкі свайму клубу за 3 хвіліны да заканчэння.

Прыход Крыстафа Даўма не спыніў падзення “Айнтрахта” ўніз па табліцы – франкфуртцы працягнулі падаць у бездань і ўрэшце дасягнулі перадапошняга, 19-га, радка. Ніжэй толькі безнадзейны “Санкт-Паўлі”. Матч супраць “Кёльна” для франкфуртцаў не склаўся, і яны заканамерна былі слабей за апанента – 0:2. Толькі перамога над чэмпіёнам у апошнім туры тэарэтычна можа выратаваць “Айнтрахт”.

Кожны сезон дорыць слёзныя раставанні. Вось і трэнер “Санкт-Паўлі” Хольгер Станіслаўскі, які шмат гадоў працаваў з клубам, цяпер адпраўляецца ў Хафенхайм. Апошні матч на “Мілертан-штадыёне” – хатняй арэне “Санкт-Паўлі” – стаў для яго і клуба фільмам жахаў. Хто-небудзь мог чакаць ліку 1:8? Напэўна, што не. Хэт-трык Марыа Гомэса, дублі Рабэна і Рыберы і яшчэ адзін мяч ад ван Бюйтэна – поўная калекцыя. Такога правалу ніхто не мог і спрагназаваць! Гомэс давёў свой рахунак да 27 галоў і амаль ужо стаў лепшым бамбардзірам сезону. “Піраты” адпраўляюцца ў другую лігу. А пасля 1:8 не ўдасца нават гучна грукнуць дзвярыма. Варта яшчэ сказаць, што “Гановэр-96” усё ж прайграў “Баварыі” барацьбу за месца ў Лізе чэмпіёнаў на наступны год, саступіўшы на выездзе “Штутгарту”. “Штутгарт” тым самым гарантаваў сабе месца ў Бундэслізе на будучы сезон. “Майнц” забраняваў месца ў Лізе Еўропы і ўпэўнена перагуляў у гасцях “Шальке-04”. У гельзенкірхенцаў вызначыўся Хунтэлаар, а ў “Майнца” – Шурле, Холтбі і Навескі. “Шальке” “плаўна” дакаціўся да 14-га радку. Вось вам паўфіналіст Лігі чэмпіёнаў! Але ў Гельзенкірхене даўно ведалі, на што робяць стаўку. Не атрымалася прайсці “МЮ”? Нішто – каманда ўсё адно ўвайшла ў чацвёрку мацнейшых еўрапейскіх клубаў! А ў чэмпянаце мэты высокія будуць са жніўня. Ды яшчэ і на  бліжэйшы фінал Кубка Нямеччыны не забываемся…

“Баер” хутчэй за ўсё не страціць свайго другога месца, а з ім і прамога выхаду ў групавы этап Лігі еўрапейскіх чэмпіёнаў, тым больш на карысць “Баварыі”. Справядліва будзе сказаць, што мюнхенцы другой пазіцыі і не заслужылі – леверкузенскі клуб больш роўна адгуляў сезон. Матч з “Гамбургам” склаўся для “чырвона-чорных” няпроста – ужо на 2-й хвіліне яны прапусцілі ад Вэстэрмана і толькі добры стрэл Кіслінга не дазволіў камандзе прайграць.

Дортмундская “Барусія” свой першы матч у статусе чэмпіёна прайграла. Занадта нехлямяжа выглядалі гульцы Юргена Клопа ў Брэмэне. Яно можа і не дзіўна – “Барусія”, адсвяткаваўшы золата, пакрысе рыхтуецца да адпачынку, а “Вэрдэр” меў выйграваць, каб забяспечыць сабе месца ў эліце на наступны год і не сыходзіць у гэты адпачынак з паловай каманды, бо другая можа і не захацела б гуляць у другой Бундэслізе. Мячы Сільвестра і Пісарра забяспечылі “Вэрдэру” эліту, але канстатуем – гэты сезон стаў самым правальным за апошнія гады. Брэмэнцы з асаблівай цяжкасцю засталіся ў эліце.

Апошні тур дасць нам адказ на пытанне, хто з тройкі клубаў – “Вольфсбург”, “Барусія” (Мёнхенгладбах) ці “Айнтрахт” застанецца наверсе. Ёсць толькі адна вакансія. “Ваўкі” згуляюць на выездзе з “Хафенхаймам”, якому нічога не трэба, “Айнтрахт” правядзе заключны матч з дортмундскай “Барусіяй”, якую перамог у першым коле. А вось гладбахцы усё адно маюць горшую дыспазіцыю – у іх матч з “Гамбургам”, які не скончыў змаганне за месца ў Лізе Еўропы з “Фрайбургам”. Дарэчы, у “Фрайбурга” напружаны матч з “Баерам”, якому ў сваю чаргу таксама патрэбна перамога – аддаваць другі радок “Баварыі” не хочацца. Аддаць, каб потым раней ад запланаванага выйсці з адпачынку?


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна

Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT

Онлайн предоставлен Livescore

Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Rambler's Top100 Каталог TUT.BY