Спорт Беларуси



Чэмпіянат Нямеччыны. 31 тур. Агляд

Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Апрель 25, 2011 15:40

31-ы тур пачаўся ажно ў чацвер. Звычайна, стартавы матч (а калі-небудзь і два) праводзіцца ў пятніцу. Чацвярговы паядынак “Фрайбурга” з “Гановэрам-96” сапсаваў свята першым. У гановэрцаў гэты матч прапускалі Я Конан і Пінту, таму Мірка Сломка выпусціў са стартавых хвілін замест цёмнаскурага бамбардзіра “слаўнага запаснога” Яна Шлаўдрафа, а функцыі Пінту выконваў албанскі ветэран Алтын Лала. Менавіта гэтыя два гульцы і сталі зоркамі ў матчы. Шлаўдраф на 24-й хвіліне аддаў добрую перадачу на Абдэлаўэ, пасля якой гановэрцы адкрылі лік, а праз сем хвілін Ян забіў сам – 0:2. Чарговы раз немец не падводзіць каманду, калі на ягоныя плечы кладзецца адказнасць а апошнія рубяжы. На пачатку другога тайму Раўш зрабіў лік разгромным і толькі мяч Разэнталя не дазволіў брамніку гановэрцаў Цылеру застацца сухім – 1:3 – упэўненая вікторыя “зялёна-чорных”. Антон Пуціла правёў за “Фрайбург” 72 хвіліны, пасля чаго быў заменены на Эгера.

“Штутгарт” прымаў дома “Гамбург”. 13-е месца першых і 7-е другіх – зусім не тое, на што разлічвалі клубы напярэдадні чэмпіянату. У гэтым матчы швабы дапамаглі сабе і ўпэўнена перамаглі. Дубль Какау і мяч Гентнэра прынеслі ім перамогу 3:0. Але гэта не перашкодзіла кіраўніцтву “чырвонаштаннікаў” заявіць пра поўны давер да дзейнага трэнера каманды Міхаэля Оэнінга. “Санкт-Паўлі” хоць і выйшаў у матчы з “Вэрдэрам” наперад, усё роўна саступіў. Торанд адправіў мяч у свае вароты, а затым дубль за дзве хвіліны аформіў перуанец Пісарра.

Фанаты “Шальке” выплёсквалі на свайго вартавога Ноера шмат брудных словаў пачас матчу, але ён усё адно адгуляў няблага. Рэч у тым, што Мануэль днямі адказаў адмовай на прапанову кіраўніцтва працягнуць кантракт. Сваімі дзеяннямі Ноер фактычна пацвердзіў, што сур’ёзна разглядае прапанову “Баварыі”. На хатні матч з “Кайзерслаўтэрнам” у саставе “Шальке” выйшла некалькі футбалістаў, якія звычайна сядзяць на лаве для запасных, і гэта цалкам зразумела – матч Лігі чэмпіёнаў з “МЮ” для гельзенкірхенцаў значна больш важны. Але і тут ратацыя не кранула Рауля – іспанец правёў усе 90 хвілін. Толькі забіць аўтар 70 галоў у еўракубках не змог. Адзіны гол у сустрэчы быў на рахунку форварда “чарцей” Лакіча. Аднак параза не асабліва хвалюе “Шальке”.

Галоўны трэнер “Кёльна” Франк Шофер абвясціў, што пакіне клуб па заканчэнні сезону, што раззлавала Лукаша Падольскі. Форвард паскардзіўся на адсутнасць з боку многіх у Кёльне клубнага патрыятызму і іншых рэчаў. Матч з “Вольфсбургам” Падольскі прапускаў, а ягоны аднаклубнік з часоў “Баварыі” Міхаэль Рэнзінг чатыры разы даставаў мяч са сваёй сеткі. У “ваўкоў” па два мячы правялі Манджукіч і Дэжага. Адзіны гол у “Кёльна” забіў Фрайс. 4:1 – чарговая буйная параза “казлоў”. Яны яшчэ могуць выляцець.

“Нюрнбэрг” і “Майнц-05” разышліся мірам 0:0. Праўда, пад канец нюрнбэржцы павінны былі прабіваць небяспечны штрафны і ў варотах “карнавальшчыкаў” павінен быў стаяць не Веткла, бо брамнік неахайна згуляў на выхадзе рукой – на паўторы яскрава бачна, што рука была за межамі штрафной. Але Веткла пазбегнуў выдалення, а ягоны клуб залішніх турботаў.

“Гановэр-96” подых “Баварыі” адчувае, але ж і мюнхенцы істотна дапамагаюць саперніку прабіцца ў Лігу чэмпіёнаў. Замацавацца на трэцім “праходным” радку баварцам не ўдалося – “Гановэр” зноў прапушчаны наперад. У першым тайме паядынку з “Айнтрахтам” мюнхенцы мелі перавагу, нагружалі абарону апанентаў. Аднак ніякага плёну не было. Клозэ з Гомэсам загубілі па чарзе выхадзе сам-насам. Франкуртцы свой шанц выкарысталі – вызначыўся Радэ. Пасля прапушчанага мяча баварцы з падвоеным імпэтам кінуліся адыгрывацца. І ледзь не атрымалі “зваротнае” ў форме контратакі – Фенін прабіў у стойку, а Гекас запуліў мяч у нябёсы. “Айнтрахт” мог яшчэ не аднойчы падвоіць лік, самы добры момант меў Гекас, але не трапіў па мячы пасля прастрэлу, да варотаў заставалася паўтара метры! Напрыканцы матчу ў вароты “Айнтрахта” прызначылі спрэчны пенальці, і Марыа Гомэс забіў 23-ці гол у чэмпіянаце. Цяпер ён апярэджвае ў снайперскай гонцы Папіса Сісэ з “Фрайбурга” на тры мячы. Зразумела, што Крыстафу Даўму, для каторага матчы з “Баварыяй” асабліва прынцыповыя, не мог сцярпець пенальці і быў за пярэчанні арбітру выдалены на трыбуны. Нічыя 1:1 – “Баварыя” губляе чарговыя балы.

“Баер”, які захоўваў да пачатку свайго матчу з “Хафенхаймам” шанцы на чэмпіёнства, прапусціў першым. Пастараўся Сігурдсан. Затым лейцы ад возу дасталіся леверкузенцам – Кадлец і Відаль прымусілі візаві здацца, 2:1.

Але больш за ўсё ўзрадавала “аптэкараў” нават не ўласная перамога, а няўдача дортмундскай “Барусіі”. Сенсацыя прагула ў Мёнхенгладбахе, дзе аднаклубнікі лідэраў ужо збіраюць хатулі да другой Бундэслігі. З першых хвілін нічога не наварыла пра магчымую паразу вестфальцаў. У Гетцэ нават было два эпізоды, каб прабіць Штэгена – не ўдалося. У гладбахцаў мог забіваць Ройс. А на 35-й хвіліне Ідрысу прайшоў Субоціча ды катнуў мяч міма брамніка – 1:0. Пасля гэтага ініцыятывай непадзельна валодалі дортмундцы, але забіць так і не змаглі. Сенсацыйная перамога гладбахцаў. Зрэшты, гэта наўрад ці ўратуе іх ад вылету, а дортмундцам наўрад ці перашкодзіць стаць чэмпіёнамі. Перавага ў 5 ачкоў над “Баерам” за тры туры да канца ўсё роўна адчувальная. Іншая справа, што “Барусія” сама сабе стварае праблемы. Яшчэ адна непрыемная для “жоўта-чорных” навіна – траўма Патрыка Авамаелы. 31-гадовы футбаліст прапусціў большую частку сезона з-за праблемаў з ахілавым сухажыллем, а цяпер пасля аднаўлення атрымаў новае сур’ёзнае пашкоджанне. Цяпер Патрык прапусціць як мінімум 4 месяцы, а гэта значыць, што абаронца будзе здаровы толькі тады, калі будзе стартаваць новы чэмпіянат.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



Fatal error: Call to a member function build_links() on a non-object in /home/belarus2/champ.by/www/wp-content/themes/champ.by/sidebar.php on line 26