Спорт Беларуси



Чэмпіянат Нямеччыны. 30 тур. Агляд.

Автор:Арцём Сізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Апрель 18, 2011 20:27

“Майнц” гуляў дома супраць мёнхенгладбахскай “Барусіі” без абодвух цэнтральных абаронцаў, шведа Свэнсана і македонца Навэскі. Але тым не менш, клуб справіўся з задачай не пускаць гладбахцаў да сваіх уладанняў занадта часта. Насамрэч аўтсайдэры толкам і не прэтэндавалі на гэта. Сур’ёзна сапсаваў сітуацыю колішні форвард зборнай Нямеччыны Майк Ханке. У першай палове форвард дужа часта парушаў правілы, а ў другой зарабіў за грубы фол другую жоўтую картку. “Майнц” вельмі доўга спрабаваў “рэалізаваць большасьць” і ў яго нарэшце гэта атрымалася. Андрэ Шурле, каторы нядаўна падпісаў кантракт з леверкузенскім “Баерам” і будзе выступаць там з наступнага сезону, выдатным ударам на 87-й хвіліне пакінуў у “карнавальшчыкаў” надзею на ўдзел у еўракубках. Так што ніхто не можа папракаць Шурле ў тым, што ён абыякавы да свайго цяперашняга клуба, у якім яму засталося гуляць яшчэ чатыры матчы.

“Вольфсбург” і “Санкт-Паўлі”, якія таксама знаходзяцца ў зоне вылету, яшчэ могуць пазьбегнуць такога ўдзелу, а вось з “Барусіяй” не верыш у цуд. Якраз “ваўкі” і “піраты” і сустракаліся паміж сабою ў 30-м туры. Вельмі недарэчы прыйшла гэтая сустрэча да каманд, адбіраць ачкі адно ў аднаго аўтсайдэрам складаней за ўсё. Манджукіч вывеў “ваўкоў” наперад, але ў другім тайме Накі з Леманам перакулілі гульнявую сітуацыю дагары. Паразы “Вольфсбург” пазбегнуў дзякуючы трапнасці чэшскага апорнага паўабаронцы Яна Полака, які правёў свой гол за хвіліну да заканчэння сустрэчы. Нічыя, нявыгадная для абодвух клубаў.

За чатыры туры да фінішу пара ўжо звярнуцца да таго, што адбываецца ў другой Бундэслізе. “Мюнхен-1860”, які мы ўзгадвалі ў адным з нядаўніх аглядаў у сувязі з верагодным нападам менавіта ягоных ультрас на офіс “Баварыі”, ідзе ў сярэдзіне табліцы і мае немалыя даўгі. Але на гэтым тыдні стала вядома, што арабскі бізнэсовец Хасан Абдула Ісмаік жадае купіць 49% акцый каманды і затым пагасіць запазычанасць. Калі Ліга дазволіць здзелку, то ў “Мюнхен-1860” з фінансамі ўсё будзе ў парадку. Берлінская “Герта” пасля ўпэўненай вікторыі на выездзе над “Бохумам” (0:2) настолькі ж упэўнена і бездакорна ўзначальвае табліцу. У сямі ачках наводдалек ідзе “Аўгсбург”, які мае матч у запасе з “Карлсруэ”. Трэцяе месца з 55-цю ачкамі займае “Бохум”. Барацьбу за павышэнне з гэтай троіцай вядуць “Гройтэр Фюрт”(54 ачкі) і “Эрцгебірге” (Аўэ, 52 ачкі). З клубаў, якія яшчэ нядаўна гулялі ў першай Бундэслізе котбуская “Энергія” займае 6-ы радок, “Дуйсбург” 7-мы, “Алеманія” 10-ы, а “Карлсруэ” з “Армініяй” увогуле ўнізе. “Карлсруэ” пакуль побач з зонай вылету, на 15-м месцы, а білефельдцы ўжо датэрмінова развіталіся з падэлітным дывізіёнам і паедуць у наступным сезоне пакараць Обэрлігу. Толькі 16 набраных балаў пасля 30-ці матчаў, апошняе 18-е месца. Так што “Армінія” паўтарае няўдачы “Ганзы” і “Унтэрхахінга”, якія даволі хутка пасля раставання з элітай праляцелі нібыта скрозь 2-ю Бундэслігу. “Ганза”, дарэчы, узнімае гонар Ростака на больш высокі ўзровень – ужо дакладна яна вяртаецца з Обэрлігі ў 2-ю Бундэслігу, займаючы другое месца ўслед за “Айнтрахтам” з Браўншвайгу.

Цяпер вернемся да падзей першай Бундэслігі. “Гановэр” згуляў унічыю з Гамбургам. Бліжэй да перамогі быў “Гановэр”, аднак Конан Я не рэалізаваў два выхады сам-насам з ветэранам Франкам Ростам.

“Кёльн” рэальна ўскладняе сабе жыццё. Цяпер “казлы” могуць увогуле пры пэўных абставінах выляцець. Правальны матч супраць гладбахскай “Барусіі” атрымаў свой працяг у паядынку са “Штутгартам”. Кёльнцы  прапусцілі тры галы за першыя 12 хвілін другога тайму, а потым змаглі забіць толькі адзін мяч. Пастараўся Навакавіч, чый ужо 13-ы гол у першынстве застаўся незаўважаным.

“Хафенхайм”, якому ў гэтым сезоне ўжо нічога не трэба, выйграў у “Айнтрахта”, над якім вісіць пагроза раставання з першай Бундэслігай. Франкфуртцы амаль нічога талковага не стварылі ля варотаў Штарке, а прапусцілі ў выніку ўдару Фірміна на 78-м кругу стрэлкі.

Тур быў дастаткова карэктным, без вялікай колькасці папярэджанняў і выдаленняў. “Нюрнбэрг” “даціснуў” у гасцях “Кайзерслаўтэрн”. На 34-й хвіліне Айглер адкрыў лік, а дабіў сапернікаў рэзервовы нападнік “Нюрнбэрга” Мак на другой дададзенай хвіліне.

Ральф Рангнік зрабіў шчаслівымі тысячы гельзенкірхенцаў, для якіх выхад любімцаў у паўфінал Лігі чэмпіёнаў – найвялікшае свята за апошняе дзесяцігоддзе. А наперадзе яшчэ і фінальны матч за Кубак краіны супраць “Дуйсбурга”! “Шальке” можа заваяваць два тытулы ў гэтым сезоне! І толькі ў чэмпіянаце “кобальтавыя” вельмі далёкія ад пелатону. На матч з “Вэрдэрам”, які быў, напэўна, найменш важным супрацьстаяннем гэтых двух клубаў за апошнія некалькі год, Рангнік пакінуў у запасе многіх лідэраў. Але Рауль, які выступіў у ролі “зараджаючага” на сектары фанатаў “Шальке” пасля вікторыі над “Інтэрам” на поле ў стартавым саставе выйшаў. Але галоўнай зоркай матчу не стаў. Хювэдэс знёс у штрафной Пісарра, але Ноер адбіў пенальці. Тым не менш Вагнэр, які гэты пенальці біў, трапна дабіў мяч у сетку – 1:0! Брэмэнцаў да таго голу неаднаразова мог засмуціць іх былы форвард Ангелас Харыстэас, але грэку ўсё не ставала дакладнасці і Рангнік пасадзіў таго на звыклую грэку ў Гельзенкірхене лаўку запасных. Морыс Эду, каторы выйшаў замест Харыстэаса, неўзабаве “размачыў” “Вэрдэр”. Гульня так і скончылася ўнічыю 1:1.

Ну і нарэшце два галоўных паядынкі. Яны былі дальнабачна аднесеныя на канец туру. Але кіраўніцтва не палічыла патрэбным “так рана” ставіць матчы дзвюх каманд, што змагаюцца за “срэбраную салатніцу” на адзін час. А можа і самі клубы так не хацелі, хто разбярэцца. Першым пачынаў “Баер”. “Баварыя” прымала яго ў сябе дома на “Альянц-Арэне”. Перад матчам Андрыс Ёнкер сваімі словамі пацвердзіў выбар баварскіх босаў на апошнія туры чэмпіянату. Выконваючы абавязкі трэнера галандзец заявіў журналістам пра намер выкарыстоўваць у якасці “першага нумару” Ханса-Ёрга Бута, а не маладога Крафта. Менавіта выбар брамніка назваў асноўнай прычынай звальнення ван Гала Улі Хёнэс. Прыдавала важнасці матчу яшчэ і серыя, паводле якой “Баер” не перамагаў “Баварыю” ў Мюнхене 22 гады! І трэба сказаць, што серыя працягнулася. Але такой паразы не чакалі нават самыя вялікія песімісты з ліку фанатаў леверкузенскага клуба! Першы гол “Баварыя” забіла знянацку. Швайнштайгер карава скінуў мяч пад удар невядомаму партнёру, а гэтым партнёрам фактычна выступіў Сімон Рольфес, ад якога мяч заляцеў у вароты Адлера. Пасля быў непрыемны для гаспадарскай каманды момант – Даніэль Праньіч атрымаў пашкоджанне і быў заменены. Зрэшты, гэта не самая вялікая праблема для мюнхенцаў – гэты сезон харват праводзіць нестабільна і даволі часта памыляецца. Адлер, які аднавіўся пасля траўмы і вярнуўся да родных шыхтоў якраз у гэтым туры ўжо праз дваццаць хвілін у другі раз даставаў мяч з сеткі. І на гэты раз была “дапамога” свайго футбаліста – Відаль вырашыў прыгожа згуляць пяткай у сваёй штрафной і выдаў мяч дакладна на Мюлера, Томас тут жа перадаў “плямістага” на Гомэса, які не пашкадаваў свайго партнёра ў нацыянальнай зборнай Адлера. Далей-болей. На апошніх хвілінах першага тайму Гомэс аформіў хет-трык – 4:0! Дзердзіёк забіў гол прэстыжу, але і пасля яго ў “Баварыі” знайшлося, што адказаць – Рыберы не пакінуў Адлеру ніякіх шанцаў – 5:1! Леверкузенцы застаюцца з тэарэтычнымі шанцамі на тытул. А вось “Баварыя” дзякуючы сваёй перамозе і нічыі “Гановэра” выходзіць на чысты трэці радок з перавагай над “зялёнымі” ў адно ачко. У наступным туры шукальнікі трэцяй пуцёўкі ў ЛЧ адправяцца на выезды – самі баварцы ў Франкфурт, а “Гановэр-96” у Фрайбург.

Менавіта з “Фрайбургам” гуляла ў гэтым туры на “Вестфаленштадыёне” дортмундская “Барусія”. Правал “Баера” толькі дапамог “жоўта-чорным” адгуляць матч спакойна і пераможна. Хаця “Фрайбург”, які прэтэндуе на выхад у еўракубкі намагаўся сапсаваць “Барусіі” настрой. Але гаспадары не думалі саступаць і паказалі сапраўдны чэмпіёнскі футбол. Ужо на 22-й хвіліне Шмэльцэр прастрэліў у штрафную гасцей, мяч знайшоў Гетцэ, а той забіў яшчэ адзін свой мяч у гэтым сезоне. “Барусія” гуляла вельмі ўпэўнена і пастаянна валодала мячом, стварала моманты, турбавала Баўмана. На 43-й хвіліне Левандоўскі скарыстаўся закідам Матса Хумэльса і памылкай Топрака – 2:0! А трэці гол арганізавалі маладзёны Гетцэ і Гроскройц. Першы пры выхадзе два-ў-брамніка аддаў на другога, і Гроскройц за 11 хвілін да заканчэння паставіў салідную кропку – 3:0! Беларус Антон Пуціла адгуляў у паядынку 78 хвілін і быў заменены на Эгера. Калі ў 31-м туры “Баер” не пераможа дома “Хафенхайм”, а “Барусія” выйграе ў гасцях у аднаклубнікаў з Мёнхенгладбаха – “срэбраная салатніца” ужо праз тыдзень будзе мець свайго ўладальніка.


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



Fatal error: Call to a member function build_links() on a non-object in /home/belarus2/champ.by/www/wp-content/themes/champ.by/sidebar.php on line 26