Чэмпіянат Польшчы. Агляд 16 туру: “рэмісовы” тур
Автор:Дзяніс Лаеўскі; Источник: Спорт Беларусі. Фота: lechpoznan.pl, wisla.krakow.pl, Март 1, 2011 11:19
Чэмпіянат Польшчы, Ekstraklasa, ізноў пачынае сваю хаду. У гэты ўік-энд адбыліся гульні 16-га тура “Экстракласы”. Тут было ўсё: і шыкоўныя матчы з вялікай колькасцю забітых галоў, і нецікавыя “нулявыя” гульні.
Месія з Ізраіля для “Віслы”
Гдыняне ў гэтым туры згулялі першы матч на сваім новым стадыёне. Пачатак гульні быў за гаспадарамі, што стварылі некалькі небяспечных момантаў ля брамы “віслякаў”. Пасля гульня выраўнялася. “Жоўта-нябесныя” традыцыйна стваралі небяспеку пры стандартных становішчах, а “Вісла” больш атакавала флангамі.
У другой палове “Вісла” стала гуляць лепш. Асабліва вылучаўся сваімі дзеяннямі ізраільскі паўабаронца Маор Меліксан. Менавіта з яго пераводу мяча на правы фланг Эрык Цыкос аддаў галавой пас на Малецкага, які абыграў абаронцу “Аркі” Філіпа Буркхарта ды забіў прыгожы гол у дальнюю “дзявятку”. У брамніка не было шанцаў.
Наш Міхаіл Сівакоў згуляў амаль увесь матч – на 86-ай хвіліне быў заменены. У першым тайме дзейнічаў добра, нават меў адзін добры момант, каб адкрыць лік. Другі тайм у беларуса не атрымаўся такім добрым: Сівакоў шмат губляў мяч, не было належнага ўзаемадзеяння з партнёрамі.

Арка Гдыня – Вісла Кракаў 0:1 (0:0)
Гол: 0:1 – Павел Малецкі, 89.
Жоўтая картка: Міхал Плотка, 27 (Арка).
“Краковія” – гол, “Легія” – гол. І так тры разы
Варшаўская “Легія” толькі згуляла ўнічыю на выездзе з “Краковіяй”. “Пасы” тры разы на працягу матча выходзілі наперад, але “легіяністы” з кожным разам зраўнівалі лік. Сталічныя гульцы забіля яшчэ адзін гол, але рэферы вырашыў, што мяч пасля стрэлу Якуба Вавжыняка не перасёк лінію брамы, і гол не быў залічаны. У другой палове капітан “Легіі” Івіца Врдоляк ўпаў на зямлю і страціў прытомнасць. На поле выехала машына хуткай дапамогі, якая адвезла футбаліста ў бальніцу. Пазней стала вядома, што Врдоляк атрымаў лёгкае страсенне.
Краковія Кракаў – Легія Варшава 3:3 (1:1)
Галы: 1:0 – Мар’ян Ярабіца, 36; 1:1 – Міхал Кухарчык, 45; 2:1 – Аляксандар Сувораў, 49; 2:2 – Міхал Губнік, 61; 3:2 – Саідзі Нцібазанкіза 65; 3:3 –Якуб Вавжыняк, 79.
Жоўтыя карткі: Саідзі Нцібазанкіза, Пётр Гіза (Краковія) – Якуб Жэзьнічак, Івіца Врдоляк, Арыэль Барысюк, Дэян Келхар, Інакі Астіз (Легія)
Вясновы сон у суботу. Частка 1.
Пасля даволі феерычных пятнічных гульняў у Экстракласе наступіў суботні сон. Тры гульні і тры нічыі.
“Палонія” з Бытаму згуляла ўнічыю з “ПГЕ ГКС Белхатув”. Трэнер ГКС пасля матчу адзначыў, што нягледзячы на перапынак у чэмпіянаце, яго футбалісты не дастаткова прагнулі перамогі. Але пра якую перамогу можа ісці размова, калі гульня была ў цэнтры поля.
Палонія Бытам – ПГЕ ГКС Белхатув 1:1 (0:0)
Галы: 1:0 – Лукаш Тыміньскі, 53, 1:1 – Давід Новак, 68.
Жоўтыя карткі: Адрыян Хамюк, Міхал Ганек (Палонія Бытам) – Мацей Мысяк, Лукаш Боцян (ГКС Белхатув).
Чырвоная картка:Лукаш Боцян, 64 (ГКС Белхатув) .
Вясновы сон у суботу. Частка 2.
Ні “Рух”, ні “Лехія” не паказалі футбола. Гульня была не цікавая. “Рух”, змагаючыся за выжыванне, але аслаблены сыходамі ў міжкругавой паўзе, меў толькі некалькі паўмомантаў. А “Лехія” не такая ўжо й моцная каманда, каб перамагаць на выезде ўсіх без разбору. Тут з самага пачатку пахла нічыёй.
Аляксандар Сазанкоў не паказаў той гульні, якую ад яго чакалі. Меў некалькі момантаў, але ці губляў мяч, ці біў міма. На 84-ай хвіліне беларуса замянілі.
Рух Хожаў – Лехія Гданьск 0:0
Жоўтыя карткі:Марцін Пятроўскі, Кшыштаф Бонк, Пётр Вісьнеўскі (усе – “Лехія”).
Вясновы сон у суботу. Частка 3.
Кельцкая “Карона” кажа, што будзе змагацца за чэмпіёнства, але ў суботу было інакш. Тыя хуткія галы заклалі надзею, што матч будзе вясёлым. Любяне ўвесь час у першым тайме літаральна “віселі” на браме “Кароны”, але шмат білі “ў млека”. У другой палове спаткання ў дзеяннях каманд было шмат хаосу, што не дазволіла ўбачыць заўзятарам больш галоў.
Заглембе Любін – Карона Кельцы 1:1 (1:1)
Галы: 1:0 – Міхал Стасяк, 6; 1:1 – Анджэй Недзелян, 10.
Жоўтыя карткі: Душан Джокіч (Заглембе) – Властымір Ёванавіч, Александар Вукавіч (Карона).
Чырвоная картка: Александар Вукавіч, 83 (Карона).
“Шахцёры” закапалі “паланістаў”
Капанне – так адным словам можна ахарактарызываць гульню на стадыёне пры Канвікторскай. “Паланісты” мелі перавагу ўвесь матч, але ім не шанцавала пры завяршэнні атак. Такім чынам, можна сказаць, што перамог антыфутбол забжан, бо нічыя ў Варшаве для іх добры вынік. А вось для гаспадароў – вынік трагічны, бо з такім складам, ды з новым трэнерам-галандцам, і пасля кубкавай пермогі над “Лехам” “Палонія” павінна была перамагаць. А далей ужо хутка дэрбі Варшавы: “Легія” – “Палонія”, дзе здабыць пункты будзе вельмі цяжка.
Але гэта яшчэ не ўсё. Як гавораць у Польшчы: “Дзень без прэзеса “Палоніі” – гэта страчаны дзень”, так і ў гэты раз выказванні кіраўніка “Палоніі” Варшава Юзэфа Вайцэхоўскага павесялілі ўсіх. У інтэрвію “Пшэглёнду спартоваму” Вайцэхоўскі сказаў, што расчараваны гульнёй сваёй каманды ў цэнтры поля, бо лідар і стрыжань “Чорных кашуль” Адрыян Межэеўскі быў дыскваліфікаваны і не прымаў удзел у матчы, і абурыўся з гульні нападючага Эўсэбіюша Смалярэка, што атрымлівае 400 тыс. еўра ў год:
- Калі Смалярэк не будзе граць на ўзроўні, на якім ацэньваецца, то ён вельмі блізкі да “Клубу Какоса” (аўт. – з польскай слова “kokos” перакладаецца як “какос”, так і “барыш” ці “прыбытак”). Ужо ў другой гульні ён не толькі не забівае, але і не стварае ніякай небяспекі.
У сустрэчы з “Гурнікам” беларускі паўабаронца “Палоніі” Дзмітрый Рэкіш не гуляў і нават не быў у заяўцы. Па інфармацыі польскіх СМІ, клуб з Варшавы не ўлагодзіў усе справы з дакументамі.
Палонія Варшава – Гурнік Забжэ 0:0
Жоўтыя карткі:Міхаэль Бембен, Александэр Квек (усе – Гурнік).

Лех пачынае пагоню
“Чыгуначнікі”, што выляцелі з Лігі Еўропы, пачынаюць пагоню за лідарамі. Фантастычны стрэл Вілька прынёс перамогу “Леху”. Госці ўсю гульню абараняліся і толькі зрэдчас контратакавалі.
Наш прадстаўнік Сяргей Крывец правеў увесь матч і, як звычайна, быў на першых ролях. Гэта ён зрабіў навес на Вілька, калі той забіў. У канцы сустрэчы мог нават забіць, але трапіў у папярэчыну. Пасля сустрэчы у інтэрвію афіцыйнаму сайту “Леха” беларус сказаў, што гульня была цяжкай. “Наша гульня, вядома, не выглядае яшчэ так добра. Але мы можам гуляць лепш”, – распавёў Крывец.
Лех Познань – Відзеў Лодзь 1:0 (1:0)
Галы: 1:0 – Якуб Вільк, 32.
Жоўтыя карткі: Дымітрые Ін’яц, Мануэль Арбаледа (Лех) - Соўхеіл Бэн Радхія (Відзеў).
Сустрэча лідара Экстракласы, беластокскай “Ягелоніі”, супраць вроцлаўскага “Шлёнска” была перанесена на 8 сакавіка ў сувязі з нездавальняючым станам футбольнага поля ў Беластоку.
Турнірная табліца пасля 16-га тура: 1. Ягелонія Беласток – 30 ачкоў (15 гульняў); 2. Вісла Кракаў – 30; 3. Легія Варшава – 28; 4. Карона Кельцы– 26; 5. ГКС Белхатув – 24; 6. Лехія Гданьск – 24; 7. Гурнік Забжэ – 23; 8. Лех Познань – 22; 9. Палонія Варшава – 21; 10. Шлёнск Вроцлаў – 20 (15); 11. Заглембе Любін – 20; 12. Відзеў Лодзь – 18; 13. Рух Хожаў – 18; 14. Палонія Бытам – 18; 15. Арка Гдыня – 17; 16. Краковія Кракаў – 9.
Снайперы:
9 – Анджэй Недзелян (Карона Кельцы).
8 – Томаш Франкоўскі (Ягелонія Беласток)
7 – Давыдас Шэрнас (Відзеў Лодзь), Марцін Робак (Відзеў Лодзь)
© CHAMP.BY 2009 — 2011. При использовании материалов нашего ресурса гиперссылка на сайт champ.by обязательна
Дизайн и разработка сайта : SSP-SOFT
Онлайн предоставлен Livescore
Любые цифровые фотоаппараты на SotMarket.ru

Комментарии 0
Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.