Спорт Беларуси



Чэмпiянат Беларусi. Агляд апошняга туру Першай лігі

Автор:Арцём Cізінцаў; Источник: Спорт Беларуси, Ноябрь 15, 2010 1:58

belarusШто ж, магчыма гэта можна было прадбачыць. Не толькі фанаты і хуліганы “Гомеля” не хацелі мець другую сур’ёзную каманду ў горадзе, многія з шэраговых прыхільнікаў зялёна-белых ды яшчэ на фоне вылету любімцаў з эліты былі настроены супраць “ДСК”. Каманда Вячаслава Акшаева планамерна рушыла наперад, увесь сёлетні чэмпіянат клуб быў у ліку лідэраў і за 29 тураў адзінай паразай “Гомеля” быў пракол якраз у дэрбі з “ДСК”. Але каляндар паказваў, што гуляць у апошнім туры СКВІЧ будзе з “Гомелем” і там будзе ўсё бачна. “ДСК” апошні матч гуляў у спакойным Мазыры, дзе мясцовым футбалістам ужо за месяц да гэтага нічога не было патрэбна. Тая гульня прадказальна скончылася перамогай гамельчукоў 4:1. На гол Марозава “Славія” адказала мячом штатнага бамбардзіра Харытончыка, але затым Нікіценка, Краўчанка і Чумачэнка прымусілі гаспадароў узняць белы сцяг.

СКВІЧ прымаў “Гомель” у сябе дома. Трэба сказаць, што многія ўсё адно чакалі ад “Гомеля” перамогі, але яны ня ведалі, наколькі антаганізм двух гомельскіх калектываў развіўся з супастаўленнем узроўняў, яшчэ год таму абсалютна розных. Тое ж было і ў суседняй Расіі, калі валгаградскі “Ротар” змагаўся за “золата” вышэйшай лігі, а “Алімпія” таптала калюжыны на правінцыйных стадыёнчыках маленькіх па структуры і па амбіцыях клубаў. Потым у “Ротара” ўзніклі фінансавыя праблемы і неўзабаве гонар рэгіёну апынуўся побач з той камандай, якая глядзела на яго з пачуццём аглядання недасяжнай вышыні. “Гомель” , хутчэй за ўсё, вырашыў згуляць у футбол СКВІЧа, таму і саступіў. Мінчане сваю першую галявую атаку разагналі ўжо на 14-й хвіліне, вызначыўся Кухаронак. Ён жа забіваў гамельчукам і на пачатку другога тайму. Калядка на 70-й адквітаў адзін гол, але на 90+1-й хвіліне забіў лепшы снайпер лігі Юрый Мархель. 3:1 – і СКВІЧ займае другое месца ў чэмпіянаце, а гэта значыць, што менавіта ён згуляе пераходныя гульні з 11-й камандай вышэйшай лігі, якая, зрэшты, яшчэ не вызначылася. “Гомель” з 82-мя ачкамі і 24-ачковым адрывам ад мінчанаў выйграў турнір. А гол Калядкі стаў для клуба юбілейным, 80-м. Прапусці жа клуб толькі 16 галоў, ледзь не чацвёртая частка якіх заляцела ў іх вароты ў апошнім матчы. “ДСК” адкладае вырашэнне задачы на год. Безумоўна, цяпер гэты матч назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю і ў размовы гомельскіх прыхільнікаў футболу, але, напэўна, ніхто ніколі не даведаецца, як насамрэч: ці гэта “зліў” матчу з боку “Гомеля”, каб не пусціць наверх варожы “ДСК”, ці гэта неспатольнае жаданне СКВІЧа прарвацца ў вышэйшы дывізіён, ці гэта яшчэ што-небудзь.

“Граніт” назіраў за сутычкамі фаварытаў і гуляў у гасцях з аўтсайдэрам “Лідай”. І, што адметна, у гэтым матчы мікашэвіцкі клуб здабыў вікторыю усяго толькі на 88-й хвіліне. Удар Кірыла Шрэйтара прынес “Граніту” тры ачкі – 2:1.

Калі вылет “Ліды” быў вядомы даўно, дык другі клуб, што папоўніць другую лігу, вызначыўся толькі ў апошнім туры. Ім стаў  слонімскі “Камунальнік”. Слонімцы былі разгромленыя “Хваляй” у Пінску з лікам 3:0. Рэчыцкі “Ведрыч-97” доўга заставаўся напружаным, слухаючы весткі з Пінску. А сам у гэтыя хвіліны саступаў “Рудэнску”. Той пасля двух галоў Шалімы супакоіўся і дагуляў сустрэчу. Рэчычане застаюцца на наступны год у першай лізе, але хто дасць гарантыю, што ў наступным чэмпіянаце рэчыцкі клуб з традыцыямі не будзе вырашаць тыя ж задачы, што і сёлета?

Да канца за свой лёс не мог быць спакойным і гродзенскі “Белкард”, які ў сваю чаргу прымаў дома “Полацк”. Гэтая сустрэча скончылася з лікам 0:0, гродзенцы таксама з цяжкасцю пазбегнулі вылету. Відаць, “Камунальнік” сапраўды аказаўся сярод усіх слабейшым, апроч “Ліды”. А вось “Смаргонь” свой апошні матч выйграла, а таму была пасля не толькі рахманай, але і задаволенай. Перагуляным быў нясвіжскі “Верас” 2:1. Цікавым стаў матч “Хіміка” з “Баранавічамі”, у якім клубы проста вырашылі паказаць добры футбол. Яны не вырашалі ніякіх і нічыіх задач, а проста гулялі. 2:0 – пашчасціла светлагорцам.

Лепшым бамбардзірам стаў Юрый Мархель са СКВІЧа з гросмайстарскім паказчыкам: 28 галоў! Дзмітрый Платонаў у апошніх двух турах не забіў, а таму застаўся з 25 мячамі. Кірыл Шрэйтар з “Граніта” забіў 19 разоў.

Памятаеце, з якімі праблемамі з фінансавым забеспячэннем увайшоў у сезон “Хімік”? Жадаем, каб і ён і ўсе іншыя клубы першай лігі (да іх з вышэйшай  дадаўся “Партызан”, СКВІЧ у пераходных матчах альбо з гродзенскім “Нёманам” альбо з жодзінскім “Тарпеда” вырашыць каму дзе гуляць; з другой лігі сюды падымаюцца “Гарадзея” і “Слуцкцукар”) не мелі праблем з заяўкай на сезон. Чэмпіянат-2010 у першай лізе скончаны, чакаем новы!


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



Fatal error: Call to a member function build_links() on a non-object in /home/belarus2/champ.by/www/wp-content/themes/champ.by/sidebar.php on line 26