Спорт Беларуси



Футбол. Другая ліга. Агляд 16 тура.

Автор:; Источник: , Июль 27, 2010 0:04

Вось і падыходзіць да завяршэння першы круг беларускага чэмпіянату ў другой лізе. Тры каманды маюць перавагу над астатнімі і хутчэй за ўсё вырашаць, чыі месцы ў першай лізе, а хто і надалей будзе ў другой.
.
Праўда, перадапошнія гульні першай паловы чэмпіянату прынеслі некалькі сенсацый. І калі “Клечаск” хаця б звёў хатнюю сустрэчу з “Нёманам” з Мастоў да нічыёй (на гол Дудзіна адказаў Клачкоў), дык “Слуцкцукар” “растаў” пры сустрэчы з “Бярозай-2010”. Тое, што ў гэтай гульні бярозаўцы паспрабуюць навязаць апаненту сваю філасофію было не дзіўна. Але тое, што слуцкія гульцы акажуцца зусім негатовымі да такога прэсу здзівіла. “Бяроза-2010” выйшла наперад ужо на 8-й хвіліне. Хуткі гол на рахунку Варанко. Ён жа вызначыўся на табло і на 69-й. “Слуцкцукар” так і не здолеў забіць, а ў дадатак яшчэ прапусціў. Краўчук аформіў разгром у кампенсаваныя хвіліны. Сур’ёзнае выпрабаванне чакала “Гарадзею”. Яна прымала “Маладзечна”. Аднак якраз яна і засталася адзіным лідэрам, які не згубіў ачкі ў гэтым туры. Колішні вядомы ў вышэйшай лізе футбаліст Раман Трапачкін ужо на 2-й хвіліне адкрыў лік. На 10-й Кузьменка забяспечыў гарадзейцам адносна спакойнае жыццё. Два хуткія галы дэарганізавалі гульню маладзечанцаў і яны ўжо каторы раз у гэтым сезоне не змаглі зарыентавацца і накідаць план дзеянняў. Гэта прымушае думаць аб тым, што калі “Маладзечна” кудысьці зрушыць са свайго 5-га месца, то хутчэй уніз, чым наверх. Клубу не хапае стабільнасці ў выйгрышах. Некаторыя атрымліваюцца занадта цяжкімі, а неўзабаве ідзе страта балаў. На рахунку “Маладзечна” ўжо пяць “баранак” пры трох нічыіх. “Гарадзея” няспешна павялічыла дысбаланс пасля таго, як арбітр прызначыў у вароты гасцей 11-метровы ўдар. Штатны пенальтыст лідэра Тарлікоўскі быў дакладным – 3:0. У “Маладзечны” “хапіла сумлення” не саступіць усухую, Макрыцкаму ўдалося правесці гол прэстыжу. Адзінае, што непрыемна для “Гарадзеі” – абарвалася галявая серыя Юрыя Сыраквашкі. Грозны форвард забіваў ва ўсіх апошніх пяці гульнях свайго клубу, улічваючы і мяч “Граніту” з Мікашэвічаў у Кубку краіны. За гэныя 5 гульняў Юрый адаслаў у сеткі чужых варотаў 9 мячоў!
.
Не спраўдзіліся надзеі гамяльчанаў з “ХБК-2” на атрыманне першае перамогі ў сезоне. І хутчэй за ўсё, першы круг так і скончыцца для каманды, бо ў апошнім туры кругу гамяльчане паедуць у госці да “Асіповічаў”. Тыя ва ўпартай барацьбе дасталі тры ачкі ў гасцявым матчы супраць смалявіцкага “Вігвама”. Прадстаўнікі Смалявічаў вялі 2:0 пасля галоў яшчэ ў першым тайме, аднак у другім прапусцілі ў свае тры і прайгралі. А “ХБК-2” годна супрацьстаяў калінкавіцкай “Вертыкалі”. Толькі аўтагол Якоўчыка пад канец першага тайму прынёс галявы поспех “Вертыкалі”, а гамяльчанам вызначыцца не ўдалося. Мінімальная перамога гасцей з Калінкавічаў.
.
Мінская “Зорка-БДУ” імкліва за апошні месяц узнялася з апошніх радкоў на сярэдзіну табліцы. “Студэнты” спраўна набіраюць ачкі і ў 16-м туры разабраліся са “Спартаком” з Шклова. Мала перамогі 5:1, дык яна яшчэ і атрымана ў самім Шклове! Мясцовыя аматары футболу чакалі, што такіх сюрпрызаў ад роднага “Спартака” больш чакаць не давядзецца, аднак яны пралічыліся. Дзены ўдзел у “карнавале” прынялі Бабакоў і Буяк, якія забілі па два мячы. Адзіны гол за гаспадароў правёў Пронцішаў, калі ягоная каманда ўжо безнадзейна саступала 0:4.
.
“Орша” ў роўнай гульні ўсё ж саступіла “Гомельчыгунцы” 2:3. Гамяльчане працягваюць атрымліваць перамогі і ўжо замацаваліся на чацвёртай пазіцыі. Аднак весці адтуль свой прыцэльны агонь па першай тройцы каманд гамяльчанам будзе складана. Пабачым, што здолеюць зрабіць “чыгуначнікі” ў бліжэйшых матчах. Сур’ёзны іспыт ужо неўзабаве: праз адзін тур “Гомельчыгунку” на яе полі будзе экзаменаваць “Гарадзея”. “Гомель-2” у гасцях атрымаў перамогу над слонімскім “Белтрансгазам” 2:1. А “Жлобін” апраўдаў свой “серадняцкі” статус у гульні супраць дзяржынскай “Лівадыі” толькі ў апошнія 15 хвілін. Спачатку Яфрэмаў, а на 90-й хвіліне Сіманенка забілі два цвікі ў труну аўсайдэра. Зрэшты, трэба адзначыць, што “Лівадыя” сапраўды не датрымалася зусім трошачкі.
.
Што датычыць 17-га туру, то там будзе, за чым сачыць. Пакуль што “Гарадзея” ўпэўнена ўзначальвае табліцу, набраўшы 41 ачко. 36 у “Клечаска”, 34 у “Слуцкцукра”. “Гомельчыгункатранс” мае 29 і інтрыга заключаная ў тым, ці зможа ў бліжэйшы час гомельскі клуб пайсці на рэальны штурм “тройкі”. Якраз у 17-м туры будзе сустрэча “Слуцкцукар”-“Клечаск”. Ёсць у апошнім туры першага кругу і матч, які наўрад ці па інтрызе саступіць сустрэчы лідэраў – “Маладзечна”-“Бяроза-2010”. Пад апошніх толькі што трапіў “Слуцкцукар”, а для больш нестабільнага “Маладзечны”, якое толкам нічога не супрацьпаставіла “Гарадзеі” матч з бярозаўцамі можа скончыцца ў вялікай скрусе. Бліжэйшыя матчы ўжо ў сераду. Пабачым.
.
Аўтар: Арцём Сізінцаў


Комментарии 0





Вы должны авторизироваться, чтобы оставить комментарий.


Лента новостей



Fatal error: Call to a member function build_links() on a non-object in /home/belarus2/champ.by/www/wp-content/themes/champ.by/sidebar.php on line 26